Шматлікія стыпендыяльныя праграмы, новыя тэхналогіі і проста глабалізацыя заахвочвае маладых беларусаў да навуковай кар’еры на Захадзе. Колькасць і значнасць такіх людзей у сацыяльных навуках расце, гэта паказала прысвечаная Беларусі міжнародная канферэнцыя, што прайшла на мінулым тыдні ў Лондане.

Асноўнымі арганізатарамі канферэнцыі выступілі Цэнтр Астрагорскага і Школа славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Універсітэцкага каледжа Лондана.

Падзея пад назовам «Канферэнцыя «Беларусістыка ў ХХІ стагоддзі» можа выглядаць сумнай, толькі калі не ўглядацца ў яе праграму. Спіс выступоўцаў прапануе самыя розныя погляды на Беларусь — ад гісторыі сярэднявечнай магіі і вядзьмарства да класічнага рэалізму міжнародных адносінаў.

Гэты ж спіс кажа яшчэ пра адну дэталь: уважліва ўглядаюцца ў Беларусь і ў амерыканскым Гарвардзе, і ў брытанскім Оксфардзе. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы маладым беларускім даследчыкам, якія здольныя камунікаваць зразумелымі Захаду катэгорыямі і стылем.

Гэтаксама расце цікаўнасць да Беларусі і ў адной з найбольш значных сталіц Еўропы – Лондане.

«Праз шмат гадоў дыскурс Беларусі цяпер лепей прадстаўлены ў Лондане», — кажа Караліна Мацкевіч, якая даследуе Біблію і выкладае ў Гітрапскім каледжы Лонданскага ўніверсітэта. Яна звяртаецца да аўдыторыі канферэнцыі ў Каралеўскім нацыянальным гатэлі ў самым цэнтры навуковага жыцця Лонадана — побач з дзясяткамі каледжаў і інстытутаў Універсітэцкага Каледжа Лондана (UCL).

У гэтым вялізным універсітэце працуюць некалькі прафесараў, якія вывучалі Беларусь. Гэта прафесар Эндру Уілсан, прафесар Макмілін (ён распачаў канферэнцыю ў лонданскай Бібліятэцы Скарыны, зрабіўшы невялікую лекцыю пра палітычныя матывы ў вершах такіх маладых паэўтаў, як Марыя Мартысевіч ці Віталь Рыжкоў). Але многія з іх ужо рана ці позна завершаць кар’еру. Хто тады будзе распавядаць пра Беларусь Захаду? Верагодна, гэтым зоймуцца маладыя даследчыкі: «Усё болей гісторыкаў і даследчыкаў сацыяльных навукаў з Беларусі працуюць на Захадзе», — дадае доктар Мацкевіч.

Сёлетняя Лонданская канферэнцыя, бадай, самая вялікая падобная падзея, прысвечаная сацыяльным навукам Беларусі пасля штогадовага ўжо Кангрэсу беларусістаў у Коўне ў Літве.

Лонданская падзея арганізаваная літаральна некалькімі людзьмі. Найперш асацыяваным прафесарам універсітэта Заходняга Лондана Яраславам Крывым — выпускніком Гарварда, які рэдагуе адроджаны ангельскамоўны часопіс пра нашу краіну The Journal of Belarusian Studies і з’яўляецца адной з ключавых асобаў Англа-Беларускага таварыства.

«Канферэнцыя ў першую чаргу павінна прыцягваць ангельскамоўных даследчыкаў, папулярызаваць вывучэнне Беларусі і дапамагаць наладжваць новыя сувязі сярод замежных навукоўцаў, — кажа Яраслаў Крывой. — На мой погляд, сёлетняя падзея выдатна справілася з гэтай задачай».

Падобныя да сёлетняй канферэнцыі падзеі вельмі важныя для развіцця любой навукі, бо яны дазваляюць даследчыкам нарэшце асабіста сустрэцца і абмеркаваць усё тое, чым яны займаюцца цягам, часам, усяго жыцця. Удзел у падобных падзеях яшчэ і справа прэстыжу, таму заходнія ўніверсітэты звычайна шчодра фінансуюць удзел сваіх супрацоўнікаў у іх.

Але беларускія і іншыя ўсходнееўрапейскія ўніверсітэты найчасцей не могуць дасылаць людзей на заходнія канферэнцыі. Лонданская падзея не стала, на жаль, выключэннем. На ёй не было ніводнага прадстаўніка беларускіх акадэмічных установаў. Многія з удзельнікаў мелі беларускае грамадзянства. Але яны здолелі прыехаць таму, што працуюць ці пішуць дысертацыі на Захадзе.

Вядома, праца ва ўніверсітэтах Берліна ці Гарварда аддаляе ад Беларусі. Але ж многія з такіх беларускіх даследчыкаў — маладыя людзі, прадстаўнікі першага пакалення, выхаванага ў незалежнай краіне. Амаль усе яны выдатна размаўляюць па-беларуску, валодаючы пры гэтым як мінімум дзвюма замежнымі мовамі, а працуюць звычайна на ангельскай. І гэтыя людзі ўжо цяпер крок за крокам замацоўваюць Беларусь у сусветным кантэксце сацыяльных навукаў — сацыялогіі, паліталогіі, гісторыі і мастацтвазнаўстве.

«Алексіевіч не стане яднаючай фігурай»

Напрыклад, Іна Шахрай з універсітэта Гумбальта ў Берліне калісьці была студэнткай юрфака БДУ. Цяпер яна вывучае, як Нобелеўская прэмія Святланы Алексеевіч можа паўплываць на грамадства Беларусі. Яе выснова несуцяшальная: Алексеевіч наўрад ці стане яднаючай фігурай для нашага грамадства.

Іншы даследчык, Дзмітры Суслаў, які скончыў БДУ у 2010 годзе, а цяпер піша доктарскую працу ва UCL пра тое, што ён называе «грамадскім мастацтвам». У Беларусі любое мастацкае выказванне можа быць небяспечным, таму і ягонае даследаванне балансуе на мяжы палітыкі і культуры. Паводле Дзмітрыя, цяпер беларускія скульптары, якія спрабуюць выстаўляць свае працы ў Мінску, часам нелегальна, імкнуцца адваяваць грамадскую прастору ад уладаў. І ў кагосьці гэта нават атрымліваецца.

Песімізм і Расія

Палітыка і міжнародныя адносіны — галіна, дзе Беларусі цяпер надаецца, напэўна, найбольш увагі. Пра гэта сведчыць колькасць наведвальнікаў адпаведных дыскусій канферэнцыі і разнастайнасць удзельнікаў гэтых дыскусій.

Урэшце, і тут высновы беларускіх і замежных даследчыкаў не вельмі пазітыўныя.

Апошнія выбары сведчаць, што беларусы згодныя на новы «кантракт з уладамі» (Юлія Брэль, Універсітэт Дэлавера, ЗША).

У гэты ж час беларускія ўлады не спяшаюцца разрываць свае стасункі з Расіяй, хоць і паводзяць сябе з ёй больш асцярожна, чым раней (Пол Гансбары (Paul Hansbury), Каледж Святога Антонія, Оксфард, Вялікабрытанія).

Што да альтэрнатываў Расіі, то Кітай наўрад ці можна стаць ёй. Як высвятляецца, кітайскія прадпрымальнікі і ўлады бачаць Беларусь як нешта кшталту «зямлі цноты» ў эканамічным сэнсе (Пітэр Брага (Peter Braga), Універсітэцкі Каледж Лондана).

Брытанскія навукоўцы прадракаюць Лукашэнку самыя цяжкія часы

Песімізм панаваў і на заключнай падзеі Лонданскай канферэнцыі — штогадовай лонданскай лекцыі па беларускіх даследаваннях. Гэтым разам чытаць яе быў запрошаны прафесар Украінскіх даследаванняў UCL Эндру Уілсан, які ўжо некалькі дзясяткаў гадоў вывучае Беларусь.

Прафесар Уілсан спрабуе патлумачыць тое, як Аляксандр Лукашэнка здолеў «выжыць» — захаваць сваю ўладу цягам апошніх 20 гадоў. Але тыя 20 гадоў, кажа прафесар, могуць падацца Лукашэнку даволі лёгкім часам у параўнанні з тым, што яго можа чакаць у бліжэйшыя пяць год. І адным з галоўных выклікаў для беларускай улады можа стаць расейская медыяпрапаганда. Аднак што рабіць з ёй, улады, выглядае, пакуль не вырашылі.

Прафесар Уілсан не прапанаваў дакладнага рэцэпта захавання ўлады для Лукашэнкі ці захавання беларускай дзяржаўнасці пры нарастаючай пагрозе з боку Расіі. Аднак заўвагі брытанскага прафесара, верагодна, хутка трапяць на сталы беларускага кіраўніцтва. За ўсімі выступамі канферэнцыі ўважліва сачыў першы сакратар беларускай амбасады ў Лондане Кірыл Зямцоў. Ён жа зрабіў сімвалічным жэст напрыканцы падзеі, запрасіўшы ў Беларусь замежных маладых даследчыкаў на Летнюю школу беларусістыкі. Бясплатная летняя школа, дзе пакрываецца нават віза, — рэдкая з’ява. Яна мусіць прыцягнуць тых замежнікаў, што хацелі б вывучаць беларускую мову і культуру, а таксама «актуальныя беларускія пытанні».

Выглядае, што нарэшце Беларусь пачынае адкрывацца свету не толькі праз новае пакаленне, якое вывучае Беларусь за мяжой, але і праз нясмелыя крокі самой беларускай дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?