Рада Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) ухваліла вылучэнне фінансавага крэдыту Беларусі ў памеры 2 млрд даляраў, паведаміла прэс-служба Еўразійскага банка развіцця.

Сродкі будуць прадастаўленыя сям'ю траншамі на працягу 2016-2018 гадоў, пры гэтым першы транш у памеры 500 млн даляраў (раней чакалася, што першы транш будзе ў памеры 1,1 млрд даляраў) Беларусь атрымае на працягу бліжэйшых некалькіх дзён, паколькі Беларусь выканала ўсе ключавыя ўмовы ў рамках гэтага траншу.

Астатнія шэсць траншаў будуць выдавацца па меры выканання адпаведных умоў, з іх два траншы ў 2016 годзе, тры траншы ў 2017 годзе і адзін транш у 2018 годзе. Як удакладняе прэс-служба Мінфіна Беларусі, пазыка прадастаўляецца асобнымі траншамі, кожны з якіх тэрмінам 10 гадоў, у тым ліку 5-гадовы ільготны перыяд.

Крэдыт падтрымае праграму рэформаў Урада і Нацыянальнага банка Беларусі, якая складаецца з двух буйных блокаў мер эканамічнай палітыкі — стварэнне макраэканамічных перадумоў эканамічнага росту і правядзенне рынкавых рэформаў, накіраваных на забеспячэнне яго ўстойлівасці.

Праграма прадугледжвае ўзмацненне кантролю над грашовай прапановай, правядзенне гнуткай валютнай палітыкі, дасягненне бездэфіцытнага бюджэту. Выкананне грашова-крэдытных паказчыкаў праграмы будзе забяспечана праз працяг палітыкі манетарнага таргетавання. Разам з палітыкай гнуткага курсаўтварэння ў рэжыме механізму падвойнага аўкцыёну, адзначаюць эксперты Фонду, ужо даказала сваю эфектыўнасць у справе барацьбы з інфляцыяй, і спрыяла стабілізацыі валютнага рынку і валавых міжнародных рэзерваў. Умацаванне знешніх балансаў будзе таксама забяспечвацца выхадам на бездэфіцытнае сальда бюджэту праз скарачэнне субсідый, у тым ліку ў выніку павышэння акупнасці паслуг ЖКГ і скарачэння кампенсацый па працэнтных стаўках у рамках дырэктыўнага крэдытавання, і стрыманы рост бюджэтных выдаткаў на заработную плату.

Структурныя меры палітыкі прадугледжваюць значнае павелічэнне ўзроўню кампенсацыі выдаткаў на ЖКГ тарыфамі для насельніцтва з 30% на канец 2015 г. да 70% — на канец 2017 года, што прывядзе да скарачэння бюджэтных субсідый прадпрыемствам ЖКГ, рацыяналізацыі спажывання паслуг ЖКГ насельніцтвам, і скарачэння перакрыжаванага субсідавання як важнага фактару павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі.

З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў камбанкаў, зніжэння рызык ліквіднасці і крэдытных рызык, прадугледжваецца скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання на 1% і 2% ВУП у 2016 і 2017 гадах, адпаведна. Гэта, разам з лібералізацыяй цэн, адменай дырэктыўных паказчыкаў для дзяржаўных прадпрыемстваў, скарачэннем назапашанага разрыву паміж ростам рэальнай заработнай платы і прадукцыйнасці працы, мерамі па павышэнні прадпрымальніцкай ініцыятывы, зніжэннем рэгулятыўных выдаткаў для бізнэсу, а таксама стымуляваннем працэсу прыватызацыі, будзе спрыяць павышэнню патэнцыялу эканамічнага росту. Праграма таксама прадугледжвае ўзмацненне існуючых і ўкараненне новых механізмаў сацыяльнай падтрымкі неабароненых слаёў насельніцтва ў перыяд структурных пераўтварэнняў эканомікі.

Меры, выкананыя ў рамках першага траншу Праграмы, дазволілі стабілізаваць асноўныя манетарныя, фіскальныя і знешнія паказчыкі, а таксама закласці асновы доўгатэрміновай структурнай трансфармацыі эканомікі. Дванаццацімесячная інфляцыя на 1 сакавіка 2016 года скарацілася да 12,8%, супраць 16,7% у папярэднім годзе, адлюстроўваючы як вынікі правядзення жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, так і значнае падзенне сусветных цэн.

Эксперты Фонду адзначаюць, што запаволенне інфляцыі назіралася на фоне лібералізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары, якая ў два разы скараціла долю рэгулюемых тавараў у кошыку ІСЦ. Па стане на 1-га сакавіка 2016 года, удалося стабілізаваць валавыя міжнародныя рэзервы на ўзроўні 1,5 месяцаў імпарту (з умовай росту гэтага паказчыка да 2 месяцаў імпарту ў канцы Праграмы). Павелічэнне ВМР стала магчымым за кошт скарачэння ўнутранага попыту праз абмежаванне тэмпаў прыросту дырэктыўнага крэдытавання больш чым у два разы і павышэнне ўзроўню акупнасці тарыфаў на паслугі ЖКГ з 29,5% па выніках 2014 года да 40% на канец лютага 2016 года.

Гэтыя меры таксама спрыялі ўтварэнню ў 2015 годзе пашыранага прафіцыту бюджэту органаў дзяржаўнага кіравання на ўзроўні 0,4% ВУП (з улікам карэкціровак па аперацыях з дзяржаўнымі пазыковымі паперамі, накіраваным на рашэнне фінансавых праблем дзяржпрадпрыемстваў, і рэкапіталізацыі дзяржаўных камбанкаў), супраць дэфіцыту 1,4 % ВУП 2014 году, і росту прафіцыту бюджэту да 4,9% ВУП па выніках студзеня-лютага 2016 года супраць 2,8% ВУП за той жа перыяд 2015 года. Дэфіцыт рахунку бягучых аперацый па выніках 2015 года склаў 2 млрд даляраў (-3,7% ВУП) супраць 5,2 млрд (-6,9% ВУП) годам раней.

Улічваючы захаванне высокага ўзроўню нявызначанасці развіцця падзей на знешніх рынках і магчымасцяў дадатковага прыцягнення фінансавых рэсурсаў, улады краіны гатовыя ўносіць дадатковыя карэкціроўкі ў эканамічную палітыку па меры неабходнасці, адзначана ў паведамленні.

Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (раней — Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС) быў заснаваны ў 2009 годзе Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам ў мэтах «пераадолення негатыўных крызісных наступстваў, забеспячэння доўгатэрміновай устойлівасці і садзейнічання інтэграцыі эканомік дзяржаў — удзельніц фонду». ЕФСР прадастаўляе дзяржавам-удзельніцам падтрымку ў выглядзе фінансавых крэдытаў урадам для падтрымкі бюджэтаў і/або плацежных балансаў; інвестыцыйных крэдытаў дзяржавам-удзельніцам або кампаніям для фінансавання буйных міждзяржаўных і нацыянальных інвестыцыйных праектаў; грантаў для фінансавання дзяржпраграм у сацыяльнай сферы. Паводле інфармацыі сайта ЕФСР, аб'ём фонду перавышае 8,5 млрд даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?