Праграма, у рамках якой Беларусь атрымае крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), прадугледжвае скарачэнне аб'ёмаў дырэктыўнага крэдытавання, паведамляе прэс-служба Еўразійскага банка развіцця, кіраўніка сродкаў ЕФСР.

«З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў камбанкаў, зніжэння рызык ліквіднасці і крэдытных рызык, прадугледжваецца скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання на 1% і 2% ВУП у 2016 і 2017 гадах, адпаведна», — гаворыцца ў рэлізе.

У банку адзначылі, што гэты крок разам «з лібералізацыяй цэн, адменай дырэктыўных паказчыкаў для дзяржаўных прадпрыемстваў, скарачэннем назапашанага разрыву паміж ростам рэальнай заработнай платы і прадукцыйнасці працы, мерамі па павышэнні прадпрымальніцкай ініцыятывы, зніжэннем рэгулятыўных выдаткаў для бізнесу, а таксама стымуляваннем працэсу прыватызацыі, будзе спрыяць павышэнню патэнцыялу эканамічнага росту».

На думку спецыялістаў Еўразійскага банка развіцця, абавязацельствы, якія Беларусь павінна была выканаць для атрымання першага траншу крэдыту, ужо дазволілі знізіць інфляцыю.

«Меры, выкананыя ў рамках першага траншу праграмы, дазволілі стабілізаваць асноўныя манетарныя, фіскальныя і знешнія паказчыкі, а таксама закласці асновы доўгатэрміновай структурнай трансфармацыі эканомікі. Дванаццацімесячная інфляцыя на 1 сакавіка 2016 года скарацілася да 12,8%, супраць 16,7% у папярэднім годзе, адлюстроўваючы як вынікі правядзення жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, так і значнае падзенне сусветных цэн», — адзначаюць у ЕАБР.

Акрамя таго, падкрэсліваецца ў паведамленні еўразійскага банка, выкананне беларускімі ўладамі крэдытнай праграмы дазволіла стабілізаваць золатавалютныя рэзервы.

«Па стане на 1 сакавіка 2016 года ўдалося стабілізаваць валавыя міжнародныя рэзервы на ўзроўні 1,5 месяца імпарту (з умовай росту гэтага паказчыка да 2 месяцаў імпарту ў канцы праграмы)», — паведамляе ЕАБР.

Паводле звестак БелаПАН, выкананне крэдытнай праграмы азначае, што Беларусь павінна павялічыць узровень золатавалютных рэзерваў з цяперашніх 4,1 млрд даляраў да 5,4 млрд даляраў у канцы 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?