21 красавіка ў Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня адбылася прэзэнтацыя фотаальбому «Ад Полацку пачаўся сьвет...». Выданьне выйшла ў сталічным выдавецтве «Рифтур». Яго аўтары — фотамастак, шэф-рэдактар газэты «Туризм и отдых», дырэктар выдавецтва «Рыфтур» Сяргей Плыткевіч і вядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

У прэзэнтацыі поруч з аўтарамі альбому ўдзельнічаў старшыня Полацкага гарвыканкаму Уладзімер Тачыла, які таксама атрымаў шмат пытаньняў ад удзельнікаў імпрэзы. Яны пераважна датычылі пэрспэктываў Полацку як турыстычнага цэнтру.

Новы фотаальбом пра Полацак не звычайны. У ім зьмешчаны ня толькі фатаздымкі з гарадзкімі краявідамі, але і тэксты-камэнтары да здымкаў, якія напісаў вядомы знаўца полацкай гісторыі Ўладзімер Арлоў.

Вось што расказаў карэспандэнту «Кур’ера» пра альбом сам Уладзімер Арлоў: «Кніга атрымала сваю назву паводле радка вядомага вершу Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Полацкі мэнталітэт». Камусьці гэта назва можа падасца эпатажнай, але чалавек хоць крыху дасьведчаны ў беларускай гісторыі пагодзіцца, што наш нацыянальны космас, вытокі нашай дзяржаўнасьці, гісторыі, культуры пачынаюцца менавіта з Полацку. У кнізе зьмешчана 500 ілюстрацыяў, сучасных і гістарычных. Разам са мной над кнігай працаваў вядомы фатамайстра Сяргей Плыткевіч. Трэцім у нашай кампаніі быў мастак Зьміцер Герасімовіч, зь якім я калісьці рабіў кнігу «Краіна Беларусь». Нам вельмі пашанцавала зь Сяргеем, бо Зьміцер Герасімовіч, на маю думку, адзін з найлепшых кніжных дызайнэраў у нашай краіне».

Прэзэнтацыя скончылася падвядзеньнем вынікаў конкурсу на лепшае пытаньне да аўтараў кнігі, пераможцы ў падарунак атрымалі фотаальбомы «Ад Полацку пачаўся сьвет...».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0