У Мінску 30 сакавіка прайшла цырымонія развітання з першай беларускай спартыўнай журналісткай Нінай Пракаповіч. Яна памерла ў панядзелак на 87-м годзе жыцця.

Пракаповіч (тады Еўсцігнеева) стаяла ля вытокаў газеты «Фізкультурнік Беларусі» (цяпер «Спартыўная панарама»), якая пачала выходзіць 1 чэрвеня 1951 года. Яна была апошнім жывым сябрам першай журналісцкай каманды выдання.

«Ужо ў першым нумары «ФБ» прайшла мая нататка аб студэнцкіх спаборніцтвах — дапамаглі мае былыя аднакурснікі, якіх узялі ў штат, — успамінала Пракаповіч у інтэрв'ю «Спартыўнай панараме» ў 2010 годзе з нагоды свайго 80-годдзя. — Газеце патрэбныя былі журналісты, якія разбіраюцца ў спорце, а такіх знайшлося няшмат. Так я стала першай жанчынай — спартыўнай журналісткай. Толькі праз дзясятак гадоў у моладзевую газету «Чырвоная змена» прыйшла Фаіна Трахтэнберг, пазней Анціпава (будучы першы прэзідэнт Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы). Так доўгі час толькі ўдваіх, у розных выданнях, мы пісалі пра спорт. Цяпер дзяўчат стала нашмат больш, хоць і цяпер спартыўнай журналістыкай камандуюць мужчыны».

У лютым гэтага года на 80-м годзе жыцця памёр яшчэ адзін ветэран беларускай спартыўнай журналістыкі Вячаслаў Дутаў, які з 1965 года працаваў у інфармацыйным агенцтве БелТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?