Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай з нагоды смерці народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.
«Кожны беларус з дзяцінства знаёмы з творчасцю Ніла Гілевіча, які пакінуў нам надзвычай багатую творчую спадчыну — каля 20 зборнікаў вершаў, п'есы, аповесці і многае іншае», — гаворыцца ў заяве. Адзначаецца таксама, што акрамя творчай дзейнасці Ніл Гілевіч браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Беларусі.
МЗС выказала «шчырыя спачуванні родным і блізкім Ніла Гілевіча, а таксама ўсім беларусам і аматарам яго творчасці за межамі Беларусі».
Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч памёр 29 сакавіка на 85-м годзе жыцця. Развітанне з ім адбудзецца 1 красавіка з 11.00 да 13.00 у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска. У той жа дзень паэт будзе пахаваны на Кальварыйскіх могілках сталіцы побач са сваёй жонкай.