Судовы выканаўца арыштаваў грошы на балансе нумары мабільнага тэлефона старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

«З учорашняга дня мне ніхто не тэлефануе, — паведаміў палітык. — А сёння я прачытаў атрыманае ўчора апавяшчэнне аб рашэнні судовага выканаўцы накласці арышт на грашовыя сродкі, якія знаходзяцца i паступаюць на зарэгістраваныя нумары маіх тэлефонаў. Пералік сродкаў будзе рабіцца на дэпазітны рахунак аддзела прымусовага выканання Цэнтральнага раёна Мінска».

Лябедзька паведаміў, што 24 сакавіка сустракаўся з судовым выканаўцам. «Я сказаў, што, сувымяраючы свае магчымасці, буду паступова выплачваць штрафы. Мне здавалася, што мы вырашылі гэтае пытанне, я напісаў адпаведную паперу. Але дзеянні былі зробленыя насуперак з тым, пра што мы дамовіліся», — сказаў ён.

Палітык адзначыў, што з восені мінулага года ў яго назапасілася каля 15 штрафаў за ўдзел у вулічных акцыях, аплачаныя два з іх. Агульную суму штрафаў Лябедзька не падлічваў.

29 сакавіка ва УУС Ленінскага раёна Мінска быў выкліканы былы палітвязень Мікола Статкевіч. У РУУС, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, палітыка чакалі і судовыя выканаўцы. Яны прапанавалі Статкевічу распісацца пад паведамленнем пра тое, што ён павінен выплаціць тры штрафы на агульную суму 25,2 млн рублёў, прызначаных яму судом за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у Мінску. Таксама яго папярэдзілі пра магчымыя наступствы ў выпадку нявыплаты штрафаў, прыстрашыўшы адключыць мабільную сувязь, забараніць карыстацца аўтамабілем і выязджаць за мяжу.

На дадзены момант Статкевіч даступны па тэлефоне. «Калі яны сваю пагрозу рэалізуюць, то гэта ў іх будзе праблема да мяне датэлефанавацца. У любым выпадку знойдзецца магчымасць зарэгістраваць на каго-небудзь іншы тэлефонны нумар, і тыя, каму гэта трэба, яго даведаюцца. Я ўвогуле тут праблемы не бачу. Спалохаць чалавека, які з пяці гадоў чатыры гады праседзеў у камеры, забаронай выезду проста смешна. Зразумела, што такім чынам яны хочуць крыху пагасіць актыўнасць», — заявіў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?