Польскі Інстытут нацыянальнай памяці заявіў, што расейскае выданне «Камсамольская праўда» адцэнзуравала аб'яву, якая тычыцца Польскай падпольнай дзяржавы.

Паводле паведамлення на сайце інстытута, ІНП хацеў другі раз размясціць у «Камсамольскай праўдзе» зварот да расейцаў з просьбай аб перадачы інстытуту інфармацыі, звязанай з 16 лідарамі Польскай падпольнай дзяржавы, якія былі выкрадзеныя НКВД 71 год таму.

Перамовы з выданнем доўжыліся некалькі тыдняў. На мінулым тыдні ІНП аплаціў аб'яву. Напярэдадні выхаду нумара ў тыраж аказалася, што галоўны рэдактар змяніў змест аб'явы. У сувязі з гэтым інстытут скасаваў публікацыю тэксту.

З тэксту аб'явы зніклі некалькі сказаў, напрыклад, пра тое, што лідары Польскай падпольнай дзяржавы на працягу некалькіх гадоў былі звязаныя з антыфашысцкім падполлем. Таксама быў выкраслены сказ пра тое, што палякі прынялі запрашэнне на Ялцінскую канферэнцыю і пазней былі перавезеныя ў Маскву. «У чэрвені 1945 года ў Маскве пачаўся паказальны працэс, які тычыцца іх сувязяў з Трэцім рэйхам», — напісаў інстытут у чарговым фрагменце, выкрасленым рэдактарам «Камсамолкі».

У лісце ў рэдакцыю расейскага выдання намеснік кіраўніка ІНП Павел Укельскі адзначыў, што па прычыне дадзеных зменаў артыкул не тлумачыць, кім былі лідары Польскай падпольнай дзяржавы, як яны былі арыштаваныя НКВД і за што былі асуджаныя ў Маскве савецкім судом.

Прадстаўнікі легальных польскіх уладаў, якiя прызнаюцца заходнімі дзяржавамі, былі прывезеныя ў Маскву ў чэрвені 1945 года і асуджаныя на паказальным працэсе. Іх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з нямецкімі фашыстамі і барацьбе супраць СССР і прысудзілі да розных тэрмінаў. Некаторыя з асуджаных не дажылі да заканчэння тэрміну зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?