Як засьведчыў апошні курултай у Чырвоным доме, ліквідацыя розначытаньняў у правапісе ёсьць адным з прыярытэтаў кампаніі па барацьбе зь недахопамі школьнай сыстэмы. Мяркую, што найлепшы спосаб — вярнуцца да больш простых сыстэмаў пісьма, якія некалі практыкавала чалавецтва. Як наконт піктаграфіі — пісьмовай камунікацыі ў форме малюнкаў?

***

Кватэра старшыні аднаго з аблвыканкамаў.

Старшыня (заходзіць, размаўляючы па мабіле): Алё. Слухай — гэта ж лажа! Як не дадуць датацый?! Мы ж намалявалі ў Саўмін натоўп сумных чалавечкаў — няшчасных калгасьнікаў, а потым вясёлых чалавечкаў — і побач пачак баксаў, крэдыт у сэнсе! Што кажуць? Патрабуюць гарантый, што гэта апошні раз, што налета будзе рэнтабэльнасьць? Каб былі тыя ж вясёлыя чалавечкі, аднак бяз пачку баксаў? Ведаеш, ану давай малюй ім разьюшаных чалавечкаў пад бел‑чырвона‑белым сьцягам, быццам праз адсутнасьць крэдыту рэйтынг даверу да Бацькі падае. Цяпер сто пудоў — датацыю дадуць. Ну, пакуль.

(Да жонкі) Вітаю, жонка. Як там справы? Што ў прэсе пішуць?

Жонка: Файны фэльетон на тэму дыпляматычнай вайны з ЗША ў «СБ». Намалявалі прэзыдэнта, які разрывае цела нашага пасла ў Штатах, акурат надвое. Ідэя зразумелая: не скасуеце санкцыі — можам удвая скараціць штат пасольства РБ у ЗША. Дарэчы, там унучка ня можа заданьне па мове зрабіць. Дапаможаш?

Старшыня: Як гэта ня можа? Мы ж спэцыяльна з прэзыдэнтам пытаньне разрулілі. Каб не было больш салдат «раненых» і «раненных у нешта». Каб дзяўчынкі не нараджалі ў школах, калі яны могуць гэта рабіць і па‑за клясамі, каб бацькі з вышэйшай адукацыяй маглі прарубіць задачы па матэматыцы для 5‑й клясы… Унучка, ты дзе?

Унучка: Дзед, дапамажы! Задалі напісаць сачыненьне на тэму «Якое гэта шчасьце — жыць у Беларусі», а я ня ведаю, як пісаць..

Старшыня: Во даеш! Гэта ж лёгка. Значыць, спачатку малюем вусы…

Звоніць тэлефон.

Старшыня: Прабач, трэба з замам пакалякаць. Алё. Ну? Ладна дыктую. Малюем чалавечка. Потым малюем вялікую ўсьмешку. Цяпер удзячныя вочы. Ці пасьпяваеш занатоўваць? Гатова. Значыцца, перавер, каб былі намаляваныя 563 падобныя чалавечкі, на твары ва ўсіх лыба, у руках — «Советская Белоруссия». Усё правільна. Значыцца, цяпер пастаў маё факсыміле і дасылай у Менск. Ф‑ф‑фу! Нарэшце далі рады справаздачы пра хаду падпіскі на «Саўбелку».

Унучка: Ну, што, дзед, што пісаць?

Старшыня: …значыць, спачатку малюем вусы.

Званок у дзьверы. Уваходзяць людзі ў чорным.

Чалавек у чорным: Мы зь Дзяржкантролю. Зьбірайцеся і не кажыце, што ня ведаеце, за што. За прымалёўкі. Праверылі мы вашу справаздачу наконт уводу ў дзеяньне жылых аб’ектаў у новых аграгарадках. Гаворка пра акварэльны малюнак «вялікага прыгожага дому». Пабывалі мы на месцы: які там вялікі дом? Вось, паглядзіце на акт праверкі.

Старшыня (сыходзячы): Гэта ня той дом! Вы наўмысна не дамалявалі вокнаў, дзьвярэй, даху і муроў! Гэтая нейкая памылка! Ня можа быць! Я буду маляваць скаргу прэзыдэнту!

Унучка: Дзед, дык што з творам?

Старшыня (сыходзячы): Малюй што хочаш! Для чаго мы з прэзыдэнтам за простую сыстэму адукацыі змагаліся?! Толькі вусы не забудзься.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?