Сёння ў каля 12-й у Мінску, на плошчы Свабоды, каля дзясятка чалавек сабраліся на пікет пратэсту.

Пікет зладзіла грамадзянская ініцыятыва «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры». Негледзячы на малую колькасць людзей, за пратэстоўцамі пільна сачылі асобы ў цывільным.

Па словах пікетоўшчыкаў, сюды прыйшлі тыя, хто сутыкнуўся з беззконнем судоў і пракуратуры. У кагосьці забіралі зямлю, хтосьці не можа дапамагчы сыну ў турме. На пікет прыехалі людзі з Салігорска, Полацка, Бабруйска, Крупак. Вось Тамара вырашыла падтрымаць пікет з-за сваёй праблемы.

«Я інвалід II групы. Ужо колькі год я не магу дамагчыся справядлівага суда. Справа ў тым, што некалькі год таму мяне збіла машына. На вуліцы цямнела, але на мне быў флікер. Я пераходзіла дарогу, і тут на вялікай хуткасці на мяне наехала машына. Я атрымала страсенне мозгу, што прывяло да пагаршэння зроку, і парушэнне апорна-рухальнага апарата.

Была заведзеная крымінальная справа, але кіроўца аказаўся палкоўнікам у адстаўцы. Суд адпусціў яго па амністыі. У мяне два сыны: аднаму 30, другому 32. Суд лічыць, што яны могуць пра мяне паклапаціцца. Але я не думала, што сыны пачнуць клапаціцца пра мяне так рана».

Тамара дабіваецца праз суд кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды, хаця сама ў гэта мала верыць.

Узначальвае грамадзянскую ініцыятыву «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» Тамара Сяргей. «Нашай Ніве» яна распавяла, з чаго ўсё пачалося і як гэта дапамагае.

«Грамадзянская ініцыятыва «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» пачала сваю дзейнасць у 2007 годзе. Мы сябе вырашылі неяк абазначыць, каб звяртацца да дзряжслужбоўцаў.

Мы не нейкая арганізацыя, а простыя грамадзяне, якія сябе абараняюць і паралельна паказваюць разуменне таго, што асабістая справа — гэта і грамадская справа. Таму ў асноўным мы дапамагаем і вырашаем праблемы людзей, якія да нас звяртаюцца.

Мы спрабуем дастукацца да розных інстанцый, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта. Сёння мы таксама былі ў прыёмнай Адміністрацыі, нас ніхто зноў не прыняў, таму мы прыйшлі на Плошчу Свабоды каб далей прыцягваць увагу».

Пікетоўшчыкі адзначаюць, што людзі ў цывільным штораз прыходзяць на іх пікеты, а сёння нават папярэдзілі, што пікет не дазволены. Пры гэтым грамадзянская ініцыятыва заўсёды падае заяўкі на правядзенне пікета, але Мінгарвыканкам ім адмаўляе па артыкуле №9 закона аб масавых мерапрыемствах.

Тамара Сяргей лічыць дзейнасць грамадзянскай ініцыятывы паспяховай і адзначае, што часам ім удавалася перамагаць. 

«Чаму людзі ставяцца да праблем іншых людзей абыякава? Сёння такі час, калі праваахоўныя органы дапускаюць самім быць законам, а не выконваць яго. І калі не дапамагаць людзям перамагчы гэтую самапраўства, усё будзе толькі горш», — лічыць Тамара Сяргей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?