Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў зоне карабахскага канфлікту. Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканал «Беларусь 1» са спасылкай на прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы, паведамляе БелТА.

Сёння адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

«Прэзідэнт Беларусі выказаў занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў зоне карабахскага канфлікту. Лідэры дзвюх краін падрабязна абмеркавалі падзеі, што адбываюцца. Ільхам Аліеў у дэталях праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб усіх абставінах вакол інцыдэнту», — паведамілі на тэлеканале.

Як паведамлялася сёння раніцай, Міністэрства абароны Азербайджана заявіла, што армянскія войскі нанеслі ўдары па ўсіх памежных пазіцыях азербайджанцаў, ужываючы мінамёты, гранатамёты і артылерыйскія ўстаноўкі. Па сцвярджэнні Азербайджана, армяне 127 разоў парушылі рэжым спынення агню.

Міністэрства абароны Арменіі заявіла, у сваю чаргу, што азербайджанская армія распачала спробу наступу, выкарыстоўваючы танкі, артылерыю і авіяцыю. Арменія прыгразіла Азербайджану непрадказальнымі наступствамі ў выпадку працягу баявых дзеянняў.

Абодва бакі канфлікту сцвярджаюць, што праціўнік нясе вялікія страты ў ходзе працягу баёў. Армяне заявілі, што на адным з участкаў баёў быў збіты азербайджанскі верталёт. Міністэрства абароны Азербайджана абвергла гэтыя звесткі, назваўшы іх хлуснёй і правакацыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0