У Сцепанакерце — сталіцы непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) — да лініі судакранання з азербайджанскімі войскамі накіраваліся дзясяткі добраахвотнікаў. Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс», былыя вайскоўцы арміі НКР на мясцовым тэлебачанні заклікаюць мужчын адправіцца на перадавую.
«Мы гатовыя хоць зараз уступіць у бой або проста маральна падтрымаць на перадавой сваёй прысутнасцю нашых хлопцаў», — сказаў адзін з ветэранаў карабахскай вайны пачатку 1990-х гадоў Аляксандр Аруцюнян.
Арменія і Азербайджан 2 красавіка паведамілі, што ў Нагорным Карабаху пачаліся актыўныя баявыя дзеянні. Бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго ў масіраваных абстрэлах.
Міністэрства абароны Азербайджана паведаміла, што ў баях загінулі 12 азербайджанскіх вайскоўцаў, быў збіты верталёт Мі-24, на міне падарваўся танк. Ведамства таксама сцвярджае, што «знішчана і паранена больш за 100 ваеннаслужачых узброеных сіл Арменіі». Міністэрства абароны Арменіі абвергла гэтыя звесткі, назваўшы іх дэзінфармацыяй.