Нямецкі паштовы канцэрн Deutsche Post плануе пачаць серыйную вытворчасць аўтамабіляў з прывадам ад электрарухавіка. Пра гэта ў суботу, 2 красавіка, паведаміла нямецкае выданне Focus Online са спасылкай на прадстаўніка канцэрна Юргена Гердеса (Jürgen Gerdes).

Паводле яго слоў, першыя 2000 электрамабіляў мадэлі Streetscooter будуць уведзены ў эксплуатацыю ў 2016 годзе і выкарыстоўвацца для дастаўкі лістоў і пасылак на ўсёй тэрыторыі Германіі. Паступова 30 000 электрамабіляў павінны будуць цалкам замяніць аўтапарк Deutsche Post, падкрэсліў Гердес.

Фінансаванне праекта ў аб'ёме каля 9 млн еўра прадаставіла Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя ФРГ. Вытворчасцю электрамабіляў займаецца Streetscooter Gmbh — даччынае прадпрыемства Deutsche Post, якое канцэрн набыў у 2014 годзе. Максімальная хуткасць электракара складзе 85 км/г, а адлегласць, якую ён зможа праехаць без падзарадкі, — 80 км.

Deutsche Post спадзяецца, што мадэль Streetscooter зможа стаць альтэрнатывай электрамабіля амерыканскай кампаніі Tesla.

«Яны вырабляюць высакаякасныя транспартныя сродкі для індывідуальнага карыстання, а мы можам вырабляць транспартныя сродкі для карпаратыўных кліентаў па вельмі нізкіх цэнах», — заявіў Юрген Гердес. У сярэднетэрміновай перспектыве канцэрн таксама плануе пачаць пастаўку сваёй прадукцыі іншым кампаніям.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?