30 сакавіка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў намесніка памочніка міністра абароны ЗША Майкла Карпентэра. Амерыканскі чыноўнік, які адказвае ў амерыканскім ваенным ведамстве за сувязі з Расіяй, Украінай і Еўразіяй, знаходзіўся ў Мінску з двухдзённым візітам.

Беларускі лідар з энтузіязмам успрыняў чарговую магчымасць падтрымаць дыялог з сусветнай звышдзяржавай.

Пры гэтым ён не абмежаваўся абмеркаваннем профільных пытанняў бяспекі і абароны. Лукашэнка заклікаў суразмоўцу звяртаць больш увагі на развіццё гандлёва-эканамічнага складніка і прапанаваў чыноўніку амерыканскага ваеннага ведамства вызначыць некалькі канкрэтных сфер у эканоміцы, з якіх пачнецца работа па адбудове двухбаковага супрацоўніцтва.

Здавалася б, можна толькі вітаць чарговы канструктыўны кантакт афіцыйнага Мінска з заходнім светам. Аднак, выклікае здзіўленне рэзкі дысбаланс ва ўзроўні ўдзельнікаў дыялогу з двух бакоў.

Напэўна, нават абывацелю, не абазнанаму ў дэталях чынавенскай іерархіі ЗША, рэжа вуха нязвыклы для дыпламатыі ў вярхах тытул «намеснік памочніка». Насамрэч, на службовай лесвіцы міністэрства абароны ЗША намеснік памочнік міністра стаіць усяго толькі на пятай прыступцы зверху.

У амерыканскім міністэрстве абароны пасаду аналагічнага ўзроўню займаюць яшчэ сорак (!) функцыянераў. У беларускім ваенным ведамстве Майклу Карпентэру адпавядаюць чыноўнікі на пасадзе начальніка аддзела.

Нават з улікам ролі ЗША ў свеце прыймальны ўзровень дыялогу для службоўца падобнага рангу – начальнік профільнага ўпраўлення ці намеснік міністра. Але ж Майкла Карпентэра, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, у Мінску прыймалі міністр замежных спраў Уладзімір Макей і міністр абароны Андрэй Раўкоў.

Такі гонар для амерыканскіх чыноўнікаў сярэдняга ўзроўню – навацыя апошняга часу. У лютым 2015 года Аляксандр Лукашэнка ўжо сустракаўся з намеснікам памочніка дзяржасакратара ЗША Эрыкам Рубінам.

У папярэднія гады чыноўнікі ўзроўню Карпентэра і Рубіна мелі ў Беларусі сустрэчы выключна на ўзроўні намесніка міністра ці кіраўніцтва прэзідэнцкай адміністрацыі. Малаверагодна, што сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ўваходзяць у «райдар» амерыканскіх функцыянераў. Таксама не падобна на тое, што вопытны дыпламат і дзярслужбовец Уладзімір Макей будзе даваць падобныя рэкамендацыі свайму шэфу.

Праўдападобна, Аляксандр Лукашэнка сам не прапускае магчымасці скантактавацца наўпрост з заходнімі чыноўнікамі. За такім жаданнем можа хавацца як недавер да перамоўных здольнасцей сваіх падначаленых, так і вера ва ўнікальнасць уласнай харызмы.

Пры любым раскладзе, беларускім дыпламатам варта далікатна падказаць найвышэйшай службовай асобе Беларусі, што адсутнасць павагі да статусу ўласнай пасады шкодзіць аўтарытэту дзяржавы.

***

Ігар Губарэвіч, старшы аналітык Цэнтра Астрагорскага ў Мінску. У 1993—2006 працаваў на розных дыпламатычных пасадах у Міністэрстве замежных справаў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?