Панама. Фота: Sergio J. Pitamitz / Corbis / Vida Press

Панама. Фота: Sergio J. Pitamitz / Corbis / Vida Press

3 красавіка 2016 года дзясяткі СМІ па ўсім свеце пачалі публікацыю матэрыялаў на аснове «Панамскага архіва» — падборкі дакументаў аб афшорных схемах малавядомай фірмы з Панамы Mossack Fonseca. Гэта беспрэцэдэнтная ўцечка дадзеных аб афшорах: у сувязях з Mossack Fonseca заўважаныя больш за 100 палітыкаў і вядомых людзей — ад украінскага лідара Пятра Парашэнкі і сяброў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна да футбаліста Ліянэля Месі і сына былога генеральнага сакратара ААН Кофі Анана. «Медуза» распавядае, пра што гаворыцца ў «Панамскім архіве» і адкуль ён узяўся.

Што такое «Панамскі архіў»?

Архіў дакументаў панамскай юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca, што патрапіў у рукі журналістаў, налічвае больш за 11 мільёнаў матэрыялаў і 2,6 тэрабайта дадзеных. Дакументы распавядаюць аб працы кампаніі з 1977 года да снежня 2015 года, у іх гаворыцца аб афшорных схемах утойвання мільярдаў даляраў, да якіх могуць быць датычныя былыя і дзейныя кіраўнікі дзяржаў і больш за сто палітыкаў і знакамітасцяў.

Дакументы апынуліся ў распараджэнні нямецкай газеты Süddeutsche Zeitung, якая перадала іх Міжнароднаму кансорцыуму журналістаў-следчых (ICIJ). Крыніца, якая «зліла» велізарны архіў, не называецца. Да даследавання архіва ICIJ прыцягнула 107 сродкаў масавай інфармацыі па ўсім свеце, уключаючы «Бі-бі-сі», «Новую газету» і The Guardian, а таксама Цэнтр па вывучэнні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) і многіх іншых. Агулам з дакументамі працавала каля 400 журналістаў. Няма сумневаў, што гэта менавіта той «інфармацыйны ўкід», пра які нядаўна папярэджваў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Хто ў ім згаданы?

Поўны спіс афшорных кампаній з «Панамскага архіва» і асоб, якія маюць да іх дачыненне, журналісты абяцаюць апублікаваць на пачатку траўня 2016 года. У ICIJ сцвярджаюць, што сярод іх — 12 былых і дзейных кіраўнікоў дзяржаў, а таксама 128 палітыкаў і вядомых персон, уключаючы футбаліста Ліянэля Месі. Найбольш важныя з іх, па дадзеных партнёра ICIJ, амерыканскага выдання Fusion, гэта блізкія да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна прадпрымальнікі Аркадзь і Барыс Ратэнбергі і віяланчэліст Сяргей Ралдугін, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, сын былога генеральнага сакратара ААН Кофі Анана Коха, кароль Саудаўскай Аравіі Салман, прэм'ер-міністр Ісландыі Сігмюндзюр Давід Гюнлейгсан, бацька прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана Ен (ужо памерлы), прэзідэнт Аргенціны Маурысіа Макра, сям'я прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, сваякі прэзідэнта Кітая Сі Цзінпіня і многія іншыя.

Сярод кліентаў Mossack Fonseca ёсць асобы, звязаныя з мексіканскімі наркабаронамі, сям'ёй Муамара Кадафі і Башара Асада, а таксама чалавек, які меў дачыненне да ўотэргейцкага скандалу.

Што вынікае з дакументаў?

У кожным выпадку — свая асобная гісторыя. Да прыкладу, з дакументаў са згадваннем Пятра Парашэнкі вынікае, як піша «Громадське», што ўкраінскі лідар у 2014 годзе заснаваў з дапамогай юрыстаў Mossack Fonseca афшор Prime Asset Partners. Гэты афшор, як мяркуецца, павінен быў выкарыстоўвацца для сыходу ад украінскіх падаткаў пры продажы «Рошена» — кампаніі, якая належыць Парашэнку. Выданне таксама адзначае, што Парашэнка, які абяцаў прадаць свой бізнэс пасля абрання прэзідэнтам, не ўказаў афшор у сваёй дэкларацыі, хоць абавязаны быў гэта зрабіць.

Пра тое, як з Mossack Fonseca звязана асяроддзе Уладзіміра Пуціна, падрабязна распавядае расійскі партнёр расследавання «Новая газета» (галоўнае — у пераказе «Медузы»); расследаванне «Новай» у асноўным тычыцца сябра Пуціна, віяланчэліста Сяргея Ралдугірна.

Ліянэль Месі, як вынікае з дакументаў Mossack Fonseca, разам са сваім бацькам валодае Панамскай фірмай — чарговай у спісе яго афшораў: у дачыненні да Месі даўно заведзеная справа аб ухіленьні ад выплаты падаткаў у Іспаніі.

Далёка не ўсе згаданыя ў «Панамскім архіве» асобы могуць быць западозраны ў якіх-небудзь правапарушэннях. Да прыкладу, Mossack Fonseca кіравала шасцю кампаніямі кіназоркі Джэкі Чана, аднак няма ніякіх прыкмет, што ён выкарыстаў іх для незаконных дзеянняў. Апублікаваныя матэрыялы могуць стаць падставай для крымінальных спраў у дачыненні да чыноўнікаў і бізнэсменаў па ўсім свеце, але факт парушэння закона яшчэ трэба будзе даказаць у следчым і судовым парадку.

Што такое Mossack Fonseca?

Панамская кампанія заснавана ў 1986 годзе шляхам зліцця дзвюх мясцовых невялікіх юрыдычных фірмаў Рамона Фансека і Юргена Мосака. Імаверна, дакументы «Панамскага архіва», якія ахопліваюць перыяд з 1977-га па 1986-ы, тычацца кампаній Фансека і Мосака да зліцця.

Mossack Fonseca займаецца рэгістрацыяй афшорных кампаній: па законе Панамы і многіх іншых падобных «падатковых гаваняў», самастойна — без мясцовага пасярэдніка — адкрыць там кампанію і карыстацца падатковымі ільготамі немагчыма. Агулам у дакументах Mossack Fonseca згадваюцца 214488 афшорных кампаній, звязаных з людзьмі больш чым у 200 краінах. Кампанія займаецца рэгістрацыяй афшора не толькі ў Панаме, але і ў іншых падобных зонах, напрыклад на Брытанскіх Віргінскіх выспах.

Mossack Fonseca вядомая дасканалымі мерамі бяспекі і клопатам аб прыватнасці сваіх кліентаў — аж да знішчэння дакументаў і ўсіх дадзеных на камп'ютарах у выпадку падазроных запытаў уладаў. Таксама з матэрыялаў «Панамскага архіва» вынікае, што кампанія цесна супрацоўнічала з Deutsche Bank, HSBC, Credit Suisse і іншымі найбуйнейшымі сусветнымі банкамі, каб дапамагчы іх кліентам схаваць свае багацці ад праваахоўных органаў і падаткавікоў, піша ICIJ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0