Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла сёння ў першым чытанні законапраект «Аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь». У ёй, апроч іншага, адзначаная зацікаўленасць у развіцці адносін з ЕС і ўзаемаразумення з НАТА.

Як зазначыў, прадстаўляючы дакумент, міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, папярэдняя дактрына дзейнічала з 2002 года, яна выканала сваё прызначэнне і ўжо не цалкам адпавядае сучаснай рэальнасці. Новая ваенная дактрына, паводле яго слоў, улічвае змены ваенна-палітычнага становішча вакол краіны, пашырэнне спектру крыніц ваенных пагроз краіне, удакладняе падыходы па вызначэнні ваенных небяспекаў для Беларусі.

За апошні час трансфармаваўся характар самой узброенай барацьбы, падкрэсліў міністр. «Сёння акрамя класічных формаў прымянення ўзброеных сіл тыповым стала выкарыстанне стратэгіі непрамых дзеянняў. Яна прадугледжвае вядзенне ваенных дзеянняў чужымі рукамі, масавае задзейнічанне радыкальных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, прыватных ваенных кампаній, шырокае выкарыстанне пратэставага патэнцыялу насельніцтва», — сказаў Раўкоў.

Паводле яго слоў, акцэнт у дактрыне «зроблены на тэндэнцыях, звязаных з распрацоўкай каляровых рэвалюцый і механізмаў па змяненні канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы шляхам правакавання ўнутраных узброеных канфліктаў».

У дактрыне таксама пашыраны пералік унутраных і знешніх пагроз. «Пры гэтым адпаведна пашыраны і пералік мер, якія будзе рабіць дзяржава для забеспячэння сваёй ваеннай бяспекі. Упершыню выкладзена актыўная пазіцыя па прадухіленні ваеннага канфлікту шляхам прыняцця прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання», — паведаміў кіраўнік Мінабароны.

Акрамя таго, адзначыў ён, у дакуменце ўлічаныя «ўсе магчымыя варыянты развязвання агрэсіі супраць Беларусі, у тым ліку — на стадыі ўнутранага ўзброенага канфлікту, справакаванага звонку з дапамогай гібрыдных спосабаў супрацьборства».

Раўкоў таксама паведаміў, што «разам з расстаноўкай прыярытэтаў на саюзніцкія адносіны» з Расіяй у ваеннай дактрыне прапісаная зацікаўленасць у развіцці добрасуседскіх і партнёрскіх адносін з Еўрасаюзам, а таксама імкненне да адкрытасці і развіцця ўзаемаразумення з НАТА. «Асноўная ідэя — мы адкрытыя для супрацоўніцтва для ўсіх, але пры ўмове захавання нацыянальных інтарэсаў Беларусі», — заявіў міністр.

Раўкоў падкрэсліў: нягледзячы на вялікі аб'ём змяненняў Ваенная дактрына Беларусі захоўвае абарончы характар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?