Юрыдычная кампанія «Авелум», якую наймаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка для падрыхтоўкі да продажу кампаніі «Рашэн» і для перадачы яе ў «даверную ўласнасць», сцвярджаюць, што стварэнне для гэтага афшораў было неабходным.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
«Стварэнне кампаній у замежнай юрысдыкцыі было адзіным магчымым шляхам для перадачы актываў ва ўпраўленне аўтарытэтнай міжнароднай траставай структуры», — паведамілі юрысты.
Яны дадалі, што «кампаніі ў замежных юрысдыкцыях неабходныя і выкарыстоўваюцца менавіта для перадачы іх у blind trust (даверную ўласнасць)».
У «Авелуме» таксама сцвярджаюць, што банкаўскія рахункі гэтымі кампаніямі не адкрываліся, і яны не здзяйснялі ніякіх фінансавых аперацый.
«Такім чынам, любыя сцвярджэнні аб ухіленні ад выплаты падаткаў з'яўляюцца беспадстаўнымі», — даводзяць яны.
Юрысты таксама сцвярджаюць, што Парашэнка не павінен быў дэклараваць гэтыя кампаніі, паколькі іх статутныя фонды не аплочваліся, а акцыі Парашэнкі намінальнага кошту не мелі.
Яны запэўнілі, што пасля перадачы актыву ў даверную ўласнасць атрымальнікам выплат будзе не афшорная, а ўкраінская юрыдычная асоба.
«Таму ўсе падаткі будуць плаціцца ва Украіне, і прыбыткі згодна з заканадаўствам і банкаўскім рэгуляваннем будуць заставацца ва Украіне», — запэўнілі юрысты.
Яны дадалі, што стварэнне гэтых афшораў не ўплывае на падаткаабкладанне «Рашэна» ва Украіне, які працягвае выплачваць падаткі згодна з украінскім заканадаўствам.
Раней Парашэнка заявіў, што тлумачэнні адносна яго дачынення да «афшорнага скандалу» павінны даць юрысты.