Камітэт дзяржбяспекі спыніў крымінальны пераслед гомельскага актывісты Андрэя Цянюты, які абвінавачваўся ў дзейнасці ад імя «Маладога фронту».

25 красавіка актывіст атрымаў паведамленне ад старшага следчага абласнога ўпраўлення КДБ Дзмітрыя Седлярова, у якім гаворыцца, што яго крымінальны пераслед спынены і ўсе канфіскаваныя ў яго падчас вобыску рэчы будуць вернуты.

Нагадаем, у верасні 2007 года А.Цянюта быў прызнаны падазроным у дзейнасці ад імя не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт». У актывіста канфіскавалі сістэмны блок камп\’ютэра, улёткі, кнігі, сцягі. Двойчы крымінальная справа прыпынялася. Прыблізна месяц таму А.Цянюта накіраваў адозву старшыні КДБ з патрабаваннем або выставіць абвінавачанне, або спыніць крымінальны пераслед. Адозва была пераадрасавана ў пракуратуру Гомельскай вобласці.

У паведамленні следчага гаворыцца, што справа спынена на падставе часткі 1 артыкула 259 Крымінальнага кодэкса (задавальненне хадайніцтва абвінавачанага ў крымінальным злачынстве).

«Спыненнем супраць мяне справы ўлады хочуць паказаць Захаду сваю лаяльнасць — на фоне апошніх вялікіх тэрмінаў, якія атрымалі ўдзельнікі акцыі прадпрымальнікаў», — лічыць А.Цянюта.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0