Праграма дзейнасці ўрада да 2020 года «не ўтрымлівае валавых паказчыкаў», заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, прадстаўляючы дакумент 5 красавіка ў парламенце.

Кабякоў адзначыў, што праграма ўрада з'яўляецца састаўной часткай адзінага пакета эканамічных дакументаў, у ліку якіх — нядаўні ўказ прэзідэнта № 78 аб мерах па павышэнні эфектыўнасці развіцця сацыяльна-эканамічнага комплексу, сумесны комплекс мер урада і Нацбанка па працы эканомікі і забеспячэнні макраэканамічнай збалансаванасці ў 2016 годзе, праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года, а таксама пакет з 20 дзяржаўных праграм, 14 з якіх ужо гатовыя.

Усе гэтыя дакументы, паводле слоў Кабякова, узаемаўвязаны. «Такім чынам, рэалізуецца праграмна-мэтавы іерархічны прынцып прагназавання і планавання», — сказаў прэм'ер.

Ён адзначыў «шэраг важных асаблівасцяў» праекта праграмы. «Праграма распрацавана ва ўмовах высокай нявызначанасці знешніх геапалітычных, сыравінных і іншых эканамічных фактараў. Сёння ніхто ў свеце не можа дакладна сказаць, як будуць развівацца падзеі, да якога ўзроўню дойдзе эскалацыя канфліктаў, як гэта паўплывае на сыравінныя і фінансавыя рынкі», — заявіў Кабякоў. Таму, дадаў ён, у дакуменце замацаваны прынцып гнуткасці бюджэтнай, грашова-крэдытнай і фінансавай палітыкі.

Кірункі дзейнасці ўрада ў праграме сфармуляваны максімальна канкрэтна, заявіў Кабякоў. «Праграма не ўтрымлівае сфармуляваных валавых паказчыкаў. Гэтая праграма — не план ручнога кіравання эканомікай, тут фармулююцца якасныя задачы, нацэленыя на канчатковы вынік», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?