Міністэрства ўнутраных спраў фіксуе «станоўчую дынаміку» спробаў правозу ў Беларусь зброі з Украіны. Пра гэта заявіў 5 красавіка журналістам міністр Ігар Шуневіч.
«Дынаміка станоўчая, у тым сэнсе, што фіксуюцца неадзінкавыя факты паступлення зброі па розных каналах. Пакуль ідзе тэндэнцыя на павелічэнне колькасці канфіскаванай зброі», — сказаў ён.
Шуневіч паведаміў, што МУС сумесна з Дзяржаўным пагранічным камітэтам распрацавала цэлы комплекс мер па выяўленні зброі як на мяжы, так і па ўсёй краіне. Найбліжэйшым часам, паводле яго слоў, запланаванае правядзенне чарговай спецыяльнай аперацыі «Арсенал» «з больш сур'ёзным аператыўным складнікам».
«Думаю, на гэтую пагрозу мы адрэагуем адэкватна», — падкрэсліў міністр, адзначыўшы, што ў асноўным з Украіны вязуць стралковую зброю.
Кажучы пра колькасць знойдзенай зброі з Украіны, Шуневіч паведаміў, што такіх выпадкаў з пачатку года было паўтара-два дзясяткі.