Беларускі аўтарынак, як і рынак нерухомасці, застаецца ў глыбокім крызісе. Купецкая здольнасць у насельніцтва рэзка пайшла ўніз, таму і продажы паменшалі.

Падзеі мінулых гадоў, калі беларусы масава скуплялі новыя аўто ў расійскіх салонах, абвалілі цэны і ў Беларусі. Дылеры былі вымушаныя зніжаць сваю надбаўку, каб прывабіць патэнцыйных купцоў.

Але для спажыўца тэндэнцыі на аўтарынку толькі ў радасць. Новыя машыны ў салонах за $5—7 тысяч — гэта рэальнасць. «Наша Ніва» адабрала 7 самых танных прапановаў.

1. ЗАЗ Chance — $4950

Самае таннае аўто ад запарожскіх вытворцаў — гэта перапрацаваны карэйскі «Шэўрале Ланас». Рухавік аб’ёмам 1,3 л і магутнасцю 86 к.с. наўрад ці дазволіць паўдзельнічаць у гонках, але для паездак на лецішча гэтага будзе дастаткова. У камплекце ідуць кандыцыянер і пярэднія шклопад’ёмнікі. А вось падушкі бяспекі няма нават для кіроўцы.

Найтанней каштуе седан, а за хэтчбек давядзецца даплаціць $250.

2. Дэу Маціз — $6100

Карэйскі «Маціз» стаў сімвалам даступнага аўто. Доўгі час машына была сярод лідараў па продажах у Беларусі.

У мінімальнай камплектацыі няма нават гідраўзмацняльніка стырна і магнітолы. Галоўная перавага ўзбекскага хетчбэка з рухавіком 0,8 л — цана.

3. Джылі LC-Cross — $6130

Два гады таму за беларуска-кітайскую навінку прасілі каля $10 тысяч. Цяпер, пасля чарговых дэвальвацый, прапанова стала нашмат больш выгаднай.

Хэтчбек з рухавіком 1,3 л мае ў камплекце асноўны набор «зручнасцяў»: кандыцыянер, дзве падушкі бяспекі, чатыры электрашклопад’ёмнікі і нават сігналізацыю.

4. Лада Гранта — $6230

Расійскі вытворца пакуль не ўвязваецца ў барацьбу цэнаў, арыентуючыся перадусім на ўнутраны рынак, дзе захоўвае ўпэўненае лідарства.

Бюджэтная «Гранта» — чатырохдзверны седан з рухавіком 1,5 л.

Каб зрабіць аўто больш камфортным — дадаць кандыцыянер, аўдыёсістэму, а таксама падагрэў шкла і крэслаў — давядзецца даплаціць каля $800.

5. Лада 4х4 — $6310

«За сваю гісторыю гэтая мадэль даказала, што прынцыпы, закладзеныя 30 гадоў таму, па-ранейшаму актуальныя: унікальная праходнасць, надзейнасць і прастата абслугоўвання».

Былая «Ніва» славіцца поўным прывадам і нізкімі патрабаваннямі да дарожнай інфрастуктуры.

6. Рэно Сандэра — $6580

На беларускім рынку прадаюцца аўтамабілі французскага брэнда, сабраныя ў Расіі. Указаная цана акцыйная для «Сандэра» з рухавіком 1,2 л.

Без акцыі «Сандэра» каштуе каля $7200 —7300, як і іншая папулярная мадэль, «Рэно Логан». Абодва аўтамабілі ў дзясятцы лідараў па продажах у Беларусі за мінулы год.

7. Ліфан Смайл — $6630

Некалькі гадоў таму кітайскія мадэлі істотна вылучаліся сярод канкурэнтаў нізкай цаной. Цяпер перавага не такая відавочная. Самая танная мадэль «Ліфана» (з рухавіком 1,3 л) мае шмат супольнага з моднымі «Міні Куперамі» ад канцэрна BMW. Калі даплаціць $1000, у камплекце з’явяцца цэнтральны замок, кандыцыянер, парктронік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?