У расійскі пракат у найбліжэйшы час выйдзе мультфільм пра двух хлопцаў-сувораўцаў, створаны пры ўдзеле спецслужбаў і праваслаўнай царквы. Фінансуецца праект «Дабрачынным фондам дапамогі і ўзаемадзеяння імя Сяргея Раданежскага».

Нядаўна з’явілася прэв’ю гэтага мульціка, дзе выступілі ягоныя стваральнікі і відаць некаторыя кадры стужкі. Называецца ён «Дзеці супраць чарадзеяў».

Паводле сюжэта, над Расіяй зноў пагроза — «вораг» хоча разлічыцца за паразу ў Другой сусветнай вайне і таму зноў нападае, праўда, не 22 чэрвеня, а 1 верасня.

А галоўныя героі выпраўляюцца ў Шатландыю, каб вярнуць з тэмтэйшага ўніверсітэта «акультных навук» расійскіх дзяцей, якім там навязваюць чужыя каштоўнасці, а замест чарадзейства вучаць развалу краіны.

Адтуль жа галоўны антаганіст — Леанард.

«Ён заняўся акультызмам і праз гэта здрадзіў радзіме, — апісваецца злодзей у прэв’ю. — Але гэтага не відаць — ён не стаў адкрытым ворагам у варожай форме, вонкава ён застаўся тым жа, змянілася ягоная сутнасць: ён як бы рускі, але ненавідзіць Расію, ён не парушае законы, нават вельмі законапаслухмяны. Але ён — вораг, страшнейшы за таго, што быў 75 гадоў таму. Вонкава яго не адрозніш, але ён напаўняе нянавісцю да Расіі падрастаючае пакаленне, яны вырастаюць ворагамі нашай айчыны. Такія дзеці размаўляюць па-руску, нават жывуць тут, але душою яны ў іншых краінах».

Далей расказваецца, што ў барацьбе з ворагамі Расіі хлопцам дапамагуць «дасведчаны генерал разведкі Цялегін і блізкія па духу людзі-прадстаўнікі розных народаў: грэкі і сербы, аб’яднаныя адзінай верай і традыцыямі, яны збліжаюцца і падтрымліваюць адзін аднаго».

«Калі магам удасца навязаць свае каштоўнасці дзецям, то ім нават ваяваць ні з кім не давядзецца, бо нашыя людзі будуць любіць каштоўнасці ворага», — кажа голас за кадрам і са шкадаваннем дадае, што «так лёгка адурманіць дзіцячы розум».

Тут жа ў прэв’ю з’яўляецца праваслаўны святар і кажа пра вайну, што ўжо вядзецца супраць Расіі, а таксама, што «мы не мусім аддаваць сваіх дзяцей на выхаванне, мы павінны самі іх вучыць. Гэта мультфільм пра праўду, якая яна ёсць насамрэч».

Гэты святар не выпадковы — блізкія да РПЦ фонды спансаруюць выхад гэтага мульціка, а ў ім самім прапаганды расійскага праваслаўя.

Таксама ў анонсе выступае супрацоўнік расійскіх спецслужбаў, які расказвае пра рускую душу і небяспеку, што рускія могуць стаць рускамоўнымі праз падкопы ворагаў. А гэты мульцік — выдатны ўзор барацьбы двух хлопцаў за бацькаўшчыну.

«Гэта выхаванне Паўлікаў Марозавых, каб яны займаліся выкрывальніцтвам у дзіцячым асяродку, — кажа журналіст Андрэй Пачобут. — Пасыл вельмі просты — сярод нас, дзяцей, ёсць ворагі, якія ад нас не адрозніваюцца, але з імі трэба змагацца. Вораг акрэсліваецца вельмі канкрэтна праз набор асацыяцый — школа гэтая ў Шатландыі, англасаксонскай краіне, «нападаюць» на Расію таксама аднекуль з Захаду. А расійскія спецслужбы ўжо ў прынцыпе і не хаваюць, што гэтыя мульцікі выпускаюцца пад іх куратарствам. Незвычайны кангламерат — царква і спецслужбы».

«Гэта канкрэтная спроба паўплываць на свядомасць людзей унутры краіны і за межамі. Пры гэтым мішэні — дзіцячыя розумы, якія прасцей за ўсё паддаюцца маніпуляцыям. Гэта ўжо не першы такі мульцік. Успомнім хаця б «Крэпасць», дзе продкі беларусаў уяўляюць сабою калектыўную пагрозу «Русі» і выстаўляюцца падступнымі захопнікамі. І гэта усё потым паказваецца ў беларускіх кінатэатрах! Натуральна, што я сваіх дзяцей на такую стужку не павяду, але ўлады, выглядае, не бачаць пагрозы ў ідэалагічных маніпуляцыях Масквы. Таму не выключана, што пасля выхаду, гэты «мульцік» пакажуць і ў нас», — мяркуе журналіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?