Фота: Pascal Deloche / Godong / Zumapress / Globallookpress.com

Фота: Pascal Deloche / Godong / Zumapress / Globallookpress.com

Насуперак распаўсюджаным забабонам, вельмі мала мужчын выгадавалі дзяцей, чыімі біялагічнымі бацькамі яны не з'яўляюцца (не ведаючы пра гэта). Рэдкасць пазашлюбнага бацькоўства аспрэчвае гіпотэзу біёлагаў аб эвалюцыйнай карысці бязладных палавых сувязяў. Вынікі даследавання прадстаўленыя ў часопісе Ecology & Evolution.

Пачаўшы займацца гэтым пытаннем, бельгійскі біёлаг Мартэн Лармюзо (Maarten Larmuseau) адштурхнуўся ад лічбаў, якія звычайна прыводзяцца ў навукова-папулярнай літаратуры: 10—30% дзяцей нараджаецца ад «нечаканых» бацькоў. Аднак гэтыя паказчыкі выклікалі сумневы ў вучонага: іх экстрапалявалі паводле вынікаў «праблемнага» вопыту лабараторый па ўсталяванні бацькоўства.

Лармюзо і яго калегі пачалі шукаць іншыя крыніцы, апрацоўваючы пабочныя вынікі рознага роду медыцынскіх даследаванняў. Акрамя таго, навукоўцы ўзялі гістарычныя звесткі (каб праверыць гіпотэзу пра большую долю бастардаў у эпоху, калі яшчэ не з'явілася сучасных кантрацэптыўных сродкаў).

Пазашлюбнае бацькоўства выяўлялі па несупадаючым генатыпам Y-храмасомы, якая перадаецца ў спадчыну па бацькоўскай лініі. Акрамя гэтага, навукоўцы параўноўвалі варыяцыі ў Y-храмасомах і прозвішчы, атрыманыя ад бацькоў. Даследаванне народнасці дагонаў (Малі) з выкарыстаннем гэтых метадаў паказала на частотнасць «чужых» дзяцей у 1,8%.

Яшчэ больш дакладнае даследаванне, заснаванае на запісах актаў грамадзянскага стану ў Фландрыі, выявіла, што на гэтай тэрыторыі цягам апошніх 500 гадоў толькі 1-2% дзяцей нараджалася ад «чужых». Сярод афрыканераў ПАР гэты паказчык склаў 0,9%, каталонцаў — 0,6-1,7%.

«Рэдкасць выпадкаў нараджэння дзяцей у выніку сямейных здрад у сучасных і старажытных грамадствах ставіць пад пытанне папулярную сярод біёлагаў ідэю: што жанчыны здраджваюць, каб здабыць добрыя гены для свайго нашчадка», — рэзюмуе Лармюзо.

У 2015 годзе сацыёлагі вызначылі дзве асноўныя прычыны шлюбных здрад. Першая катэгорыя здраднікаў — гэта людзі, якім надакучыла палавое жыццё з іх партнёрам, і ім хочацца паспрабаваць нешта новае. Другая катэгорыя — гэта няшчасныя ў шлюбе людзі. Яны не кідаюць сваіх партнёраў з відавочных прычын (агульныя дзеці, фінансавая залежнасць), але шукаюць адносінаў з іншымі, якія іх эмацыйна стымулюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?