Аператыўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гомельскага УУС затрымалі ў Мінску 44-гадовага грамадзяніна Германіі, які вербаваў дзяўчат для занятку прастытуцыяй.

Яшчэ знаходзячыся ў Германіі, ён праз сацыяльныя сеткі знаёміўся з сімпатычнымі беларускамі і пачынаў перапіску. Пасля прамацвання глебы прапаноўваў хуткі і высокааплатны заробак у Еўропе, пры гэтым адразу папярэджваў, чым прыйдзецца займацца.

Паводле яго расказаў, у бардэлях яны маглі зарабляць ад двух да сямі тысяч еўра.

«Многія казкам верылі і давалі згоду на асабістую сустрэчу для абмеркавання дэталяў працы. Падазраваны ў канцы красавіка прыехаў у Беларусь для больш дэталёвага знаёмства з будучымі жрыцамі кахання», — паведаміў супрацоўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч.

У Гомелі мужчына сустрэўся з трыма дзяўчатамі, папрасіў іх зрабіць эратычнае партфоліа нібыта для дэманстрацыі гаспадару бардэля для ўзгаднення знешнасці. Ужо на месцы ён абгаварыў дэталі. Дзяўчаты павінны былі аформіць шэнгенскую візу.

Іншаземец практычна з першых дзён знаходжання ў Беларусі быў у полі зроку супрацоўнікаў міліцыі. Аднак адразу затрымліваць яго не сталі, бо было вядома пра яго жаданне выехаць на некалькі дзён у Мінск. Разумеючы, што ў сталіцы таксама могуць знаходзіцца патэнцыйныя ахвяры, а таксама магчымыя саўдзельнікі злачыннай дзейнасці, было прынята рашэнне працягнуць назіранне і быць гатовымі ў любы момант да затрымання. Для гэтага з Гомеля акрамя аператыўнікаў наркакантролю для сілавога захопу выехалі супрацоўнікі АМАПа палка ППСМ УУС і прадстаўнік Следчага камітэта.

Пасля прыезду ў Мінск мужчына таксама правёў некалькі сустрэч з дзяўчатамі. Толькі пасля гэтага была аддадзена каманда на затрыманне замежнага грамадзяніна.

«З'яўленне байцоў спецпадраздзялення для яго было шокам. Першы час ён нават не мог зразумець, што ж адбылося за тыя секунды, як яго паклалі «тварам у асфальт», — адзначыў Грышкевіч.

Іншаземец арыштаваны і знаходзіцца ў следчым ізалятары. Падчас папярэдняга расследавання стала вядома, што ўсіх дзяўчат ён планаваў прадаць у адзін з бардэляў у Германіі. За кожную з іх яму паабяцалі заплаціць не менш за тысячу еўра, а пры выдатных знешніх дадзеных сума магла ўзрасці ў некалькі разоў. Для гэтага яму і патрэбны былі фатаграфіі дзяўчат, каб пачаць загадзя таргавацца з пакупніком.

Паводле інфармацыі міліцыі, мужчына паспеў атрымаць згоду на выезд трох жыхарак Гомельскай вобласці і трох мінчанак, у адной з якіх ужо была гатовая віза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?