Праект biz.умство — гэта разумныя сустрэчы для тых, каму не ўсё адно. 1 красавіка мы размаўлялі пра кнігу Малькальма Гладуэла «Геніі і аўтсайдары» з Паўлам Данейкам, дырэктарам бізнес-школы ІПМ. Было ярка, цікава, смела! Мы адабралі для вас 30 найлепшых думак з гэтага вечара.

1

Свет рухаецца да новай феадальнай структуры, дзе цікаўнасць і імкненне да спазнання будуць пропускамі наверх. Адзіным спосабам замацавацца ў эліце стане няўрымслівасць у спазнанні.

2

Канцэпцыя прыватызацыі аказалася лжывай. Лічылася, што прыватызацыя павысіць эфектыўнасць работы прадпрыемстваў. І калі сацыялістычнае прадпрыемства будзе правільна кіравацца, яно будзе правільна працаваць. Але ў мяне ёсць перакананне, што сацыялістычныя прадпрыемствы і ствараліся, каб працаваць дрэнна!

3

Памятаеце жартоўны слоган «Белавія», звернуты да расейцаў? «Мы завязём вас у любую краіну, з якой пасварыцца ваш прэзідэнт». У ацэнцы эканамічнага дна можна арыентавацца на гэта: калі новыя маршруты не адкрыюцца, то ўсё нармальна.

4

Мазгі — гэта неабходная, але не дастатковая ўмова поспеху. Ёсць яшчэ адзін важны складнік — воля. Мала быць разумным — трэба мець запал. Трэба прымушаць сябе дасягаць вынікаў.

5

Зразумей структуру поспеху ў галіне, якая цікавіць цябе. І не лезь туды, дзе ты не можаш выйграць. Ці зможаш ты перамагчы ў гэтай галіне са сваімі характарыстыкамі?

6

Вашыя здольнасці, кампетэнцыі, каштоўнасная сістэма могуць быць выдатнымі. Але калі не адкрылася акно магчымасцяў, у яго нельга патрапіць.

7

У 60-х гадах толькі ў 5 школах ЗША былі камп'ютары. І маленькі Біл Гейтс вучыўся ў адной з такіх школ. На думку Гладуэла, шмат у чым дзякуючы гэтаму Біл меў неабходны ўзровень кампетэнцый да заканчэння школы. Ці шмат людзей мелі такія ж кампетэнцыі і магчымасці? Не, выбарка была невялікай. Акно магчымасцяў значыць вельмі шмат.

8

Як узнікае незалежнасць? Калі ты ўступаеш на гэты шлях, у цябе ўзнікае пытанне яго легітымізацыі. Трэба даказаць, што ты маеш права на гэта. І ты пачынаеш рухацца ў гісторыю, да чароўных пачаткаў… Куды заўгодна, каб сфармаваць міф, чаму ты можаш гэта рабіць.

9

Мы наогул ніфіга не прадпрымальніцкае грамадства! Калі нам як бы дазволілі, не з'явілася ніякай хвалі. Дзверцы адкрыліся, народ не пабег. А ці пабяжым калі-небудзь наогул?..

10

У Беларусі бізнэс-клімат — як шырата ў горнай трапічнай краіне. У перадгор'і ёсць сады з дзівоснай трапічнай садавіной. А на вышыні 3000 м — тундра, мароз. І мы ведаем галіны, якія ў гэтай тундры выжываюць.

11

Проста руплівая праца можа прывесці да выніку сярэдняга і вышэй за сярэдні. Але яна не створыць геніяльных кампаній, якімі мы будзем захапляцца. Саічыра Хонда — зусім шалёны чалавек, які любіў матацыклы і гонкі. Але пры гэтым — поўны «раздзяўбай» у фінансах і бізнэсе. Яму з партнёрам — выдатным фінансістам — пашанцавала знайсці адзін аднаго і не пасварыцца. Іх выкінулі з дылерскай сеткі, і яны сталі прадавацца ў спартовых крамах, чаго раней ніхто не рабіў. Гэта ўзарвала попыт на іх матацыклы! Таму нельга сказаць, што для поспеху дастаткова адной толькі ўпартай працы.

12

Хто з вас, паклаўшы руку на сэрца, можа сказаць, што ён максімальна выразна разумее, як працуе яго кампанія? Бо няма такіх!

13

На першы погляд, покер — гэта гульня выпадковасцяў. Камусьці прыйшла нейкая карта. Яна, магчыма, большая, чым у іншых, і гэты чалавек выйграе. Але атрымліваецца так: 1500 чалавек пачынае турнір, а за фінальны стол у розных турнірах вельмі часта трапляюць адны і тыя ж людзі. Хіба гэтым людзям шанцуе больш, чым іншым?

Не! За тыдзень, які доўжыцца турнір, выгадныя камбінацыі карт прыходзяць да кожнага. Але здольнасць да рэалізацыі гэтага акна магчымасцяў у кожнага чалавека розная. Адзін атрымае акно магчымасцяў 1 раз, не ўпусціць яго і рэалізуе на 100%. А другі атрымае акно 10 разоў, з іх 5 разоў не заўважыць, а 5 разоў не зможа рэалізаваць.

14

Я ўбачыў, як сёння вучацца лідары. Яны ўмеюць працаваць з пошукавікамі. Яны ўмеюць структураваць запыты, сінтэзаваць адказы. А яшчэ ім пастаянна даводзіцца прымаць рашэнні.

15

Гуляць па правілах лідараў бессэнсоўна. Яны таму і лідары, што гуляюць па гэтых правілах. Яны ўжо перамаглі, і выйграць у іх немагчыма. Поспех прадугледжвае, што ты парушаеш правілы.

16

Калі ты бачыш, што адбываецца нерацыянальны рост, і верыш у тое, што хутка наступіць падзенне, ты не самотны. Такіх людзей было шмат. Але «рынак можа заставацца нерацыянальным значна даўжэй, чым вы — ліквідным». Шмат хто проста не дажыў да таго моманту, калі ён змяніўся.

17

Іосіф Вісарыёнавіч глядзіць фільм пра самога сябе. Падклікае Берыю і кажа:

— Таварыш Берыя, у таварыша Сталіна вусы няправільнай формы. Таму галоўнага героя расстраляць, рэжысёра расстраляць, а здымачную групу — у лагеры.

— Таварыш Сталін, а што калі вусы трохі пагаліць і гэтую сцэну перазняць? Выдатны фільм атрымаецца!

— Ну… ці так…

18

Калі вы змаглі пераадолець бар'еры, якія не стаялі перад вашымі канкурэнтамі, то вы змаглі развіць кампетэнцыі, якіх у вашых канкурэнтаў ніколі не будзе.

19

Важна, каб воля не ператваралася ва «ўджобванне», каб захоўваліся цікавасць і ўцягнутасць. Тады праца атрымліваецца больш прадуктыўнай.

20

У 90-я гады была канцэпцыя: «трэба знізіць бар'еры перад прыватным бізнэсам, тады ён заквітнее буйным цветам». Але справа не толькі ў перашкодах. Уявіце, што ў племені тумба-юмба зрабілі б самыя нізкія бар'еры ў свеце. І што, «паперла» б там, ці як?..

21

Сацыялізм сфармаваў грамадства дзікіх індывідуалістаў. Уся гісторыя Савецкага Саюза — з ГУЛАГам, стукацтвам, падседжваннем, няздольнасцю арганізавацца ў элементарныя ячэйкі, каб падмесці двор, — гэта дзіка індывідуалістычнае грамадства. А Амерыка — максімальна калектывісцкае грамадства. Бо там вас вучаць знаходзіць камунікацыі для сумеснага дасягнення сваіх індывідуальных інтарэсаў. У сацыялізме вучылі, што калектывізм — гэта проста калектыўнае хаджэнне строем. Калектыўнае выкананне загадаў зверху.

22

Ведаеце, чаму такі недавер і насцярожанасць у грамадстве выклікаюць «айцішнiкi»? Таму што іх у агульную кучу не зграбеш. Яны багатыя, але прычапіцца няма да чаго! І гэта жахліва людзей раздражняе.

23

У свой час у Еўропе пратэстанцкая этыка здзейсніла маральны прарыў. А праца, паводле адной з плыняў пратэстантызму, з'яўляецца «манаствам у свецкім жыцці». І калі ты бедны, значыць, амаральны. Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што ў паспяховым бізнэсе ў розных культурах пераважаюць свайго роду сектанты з падобнай этыкай. Цікава, што праваслаўе трактуе гэтыя думкі інакш.

24

Поспех дае вельмі мала ўрокаў, якія дапамагаюць нам стаць лепшымі і больш эфектыўнымі. А з няўдач мы здабываем каштоўныя ўрокі, таму іх трэба шанаваць.

25

Генія мы не караем за геніяльнасць, калі думаем, што разумеем яго. А калі ўжо мы зусім нічога не разумеем… то мы яго караем.

26

Калі б гісторыі мінулых поспехаў адкрывалі нам сакрэты будучых поспехаў, прафесары былі б самымі багатымі людзьмі.

27

Маральнасць, як ключ да поспеху ў бізнэсе, была дзейным аргументам на ненасычаных або пустых рынках. Калі даўно-даўно ў Амерыцы трэба было пабудаваць чыгунку, а падрадчык быў адзін на 1000 км, ён мог сабе дазволіць быць маральным. Мне здаецца, што на сучасным рынку, надзвычай перанасычаным прапановамі, маральная канкурэнцыя будзе пройгрышнай стратэгіяй пры наяўнасці хоць бы аднаго амаральнага канкурэнта.

28

Воля і настойлівасць — гэта добра. Але для таго, каб быць Стывам Джобсам, патрэбна лімітавая апантанасць. Яна будзе зніжаць значнасць усіх астатніх сэнсаў, уключаючы маральныя. Менавіта такія людзі ў сучасным свеце становяцца «героямі» (так, можа быць, у двукоссях), пра якіх мы гаворым. Без лімітавай апантанасці не будзе «айфона». Будзе «самсунг гэлэксі», выдатны тэлефон.

29

Яскравы прыклад маральнасці/амаральнасці — Барыс Беразоўскі — акула яшчэ тая. Ён быў ва ўсіх магчымых спісах — і ФСБ, і Forbes. Але ванны пакой у Лондане… Я веру, што нейкім містычным чынам расплата прыходзіць яшчэ пры жыцці. Толькі плаціць даводзіцца не грашыма, а нейкімі іншымі актывамі.

30

Менавіта апантанасць сваёй справай дазваляе ўбачыць акно магчымасцяў. Менавіта яна дазваляе схапіць гэтую магчымасць. Без яе, апантанасці, вокны магчымасцяў у любой колькасці праносяцца міма, як экспрэс.

Наступная сустрэча biz.умства адбудзецца 19 красавіка. Разам са Станіславам Станіслававічам Шушкевічам мы будзем гутарыць пра яго кнігу «Маё жыццё. Крушэнне і ўваскрашэнне СССР». Пазнаёміцца з героем і спампаваць яго кнігу ў фармаце PDF можна на старонцы праекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0