Заяўка на правядзенне 26 красавіка ў Мінску вулічнай акцыі «Чарнобыльскі шлях» будзе перададзеная ў Мінгарвыканкам 8 красавіка. Пра гэта паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле яго слоў, арганізатары акцыі будуць прасіць дазволу на правядзенне мерапрыемства ў наступным фармаце: збор на пляцоўцы каля прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук у 18 гадзін, потым шэсце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых», размешчанай побач з паркам Дружбы Народаў. Там плануецца правесці жалобны мітынг і запаліць свечкі.

Подпісы пад заяўкай паставяць прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», Беларускай партыі «Зялёныя», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Паводле слоў Янукевіча, 7 красавіка на пасяджэнні аргкамітэта былі зацверджаныя асноўныя лозунгі акцыі: «Чарнобыль не завяршыўся — катастрофа працягваецца», «Не Астравецкай АЭС» і «Чарнобыль — 30 гадоў хлусні Крамля і ўлады Аляксандра Лукашэнкі». Вакол гэтых лозунгаў, адзначыў ён, плануецца будаваць асноўнае ідэйны напаўненне акцыі.

«Чарнобыльскі шлях» — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, якое завяршаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?