Гэты тыдзень аказаўся выключна дрэнны не толькі для Парашэнкі, які прайграў рэферэндум у Галандыі і трапіў пад жорсткую атаку ў сувязі са сваімі афшорнымі кампаниямі, не толькі для ісландскага прэм'ера, імя якога вымавіць мала ў каго атрымліваецца і які ўжо ўвогуле не прэм'ер. Не толькі для кітайскіх таварышаў, што так напужаліся інфы пра свае панамскія рахункі, што пачалі рабіць нечуванае — блакаваць англамоўныя навінныя сайты кшталту CNN ці Guardian (свае сацсеткі яны пачысцілі ўжо ў панядзелак). Не толькі для прэзідэнта Аргенціны, супраць якога генпракурор ужо распачаў справу. 

Брытанскі прэм'ер Кэмеран, здавалася б, непахісны і суперпаспяховы — пад самым сур'ёзным ударам за часы свайго прэм'ерства. У стылі Парашэнкі як вуж на патэльні ён тры дні ўхіляўся ад адказу пра сваю сувязь з «панамскімі» грошамі свайго бацькі. І вось нарэшце ён зрабіў тое, на што Парашэнка так і не наважыўся — інтэрв'ю сам-насам на тэму афшорных грошай. 

Высветлілася, грошы былі, і не толькі бацькоўскія. Ад бацькоўскіх ён, дарэчы, таксама нямала атрымаў, што ў тым ліку імаверна дазваляе брытанскаму прэм'еру мець некалькіх дамоў, у тым ліку ў самым дарагім раёне Лондана.

Цяпер у Брытаніі — і тут бачнае моцнае адрозненне ад Украіны — паўстаюць пытанні не столькі пра легальнасць прыбыткаў Кэмерана, і нават не пра ягоныя спробы абараніць тыя самыя афшоры, калі яшчэ ніхто не ведаў пра тое, што грошы яго сям'і ляжаць там. Галоўнае пытанне, якое задаюць брытанцы, тычыцца сутнасці людзей, невялікага кола, якое кіруе ў краіне. Кола, якое можа дазволіць сабе жыццё вышэйшае за многія стандарты. Жыццё, сродкі на якое прыходзяць з сакрэтных рахункаў, па якіх падаткі можна, у адрозненне ад усіх астатніх, не плаціць. 

Цяпер усё мацнейшыя заклікі да адстаўкі Кэмерана гучаць у Брытаніі. Сыдзе ён ці не, не вядома. Але цяпер зразумела адно - журналісцкія расследаванні ‪#‎panamapapers‬ змяняюць сутнасць палітычнага працэсу ва ўсім свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?