«Меркаванне, што ўсё заўсёды адбываецца да лепшага, надае бадзёрасці простаму чалавеку і цалкам задавальняе яго начальнікаў. Аднак у канцэпцыі гістарычнай непазбежнасці маецца адзін недахоп: яна моцная заднім розумам, г.зн. добрая для пісьменнікаў гісторыі, а не для яе творцаў», — пісаў гісторык Рычард Пайпс у кнізе «Russia under the old regime» («Расія пры старым рэжыме»).

Гэтыя словы Пайпса ўспомніліся мне, калі я прачытаў «украінскі нумар» часопіса «Макулатура».

Але спачатку пару слоў не пра літаратуру, то бок, «Макулатуру», а пра Пуціна.

Пуцін чаго хацеў: нарабіць украінцам столькі бяды, каб яны самі пашкадавалі пра сваё імкненне далучыцца да Еўропы. А калі не самі ўкраінцы, то прынамсі каб іншым краінам рэгіёна расхацелася і думаць пра еўрапейскі геапалітычны і культурны выбар.

А іншыя то хто?

А іншыя — то мы, беларусы.

«Бясконца наша мара аб свабодзе. Вядзе нас па зямлі і па вадзе, Як сонца, што ніколі не заходзе, Як зорка, што ніколі не ўпадзе», — пісаў Някляеў у перыяд, які Алексіевіч асудзіла за празмерны рамантызм. І вось тэст: ці адклала беларуская эліта сваю вялікую мару перад абліччам гэтай вялікай крыві? Ці стаў Майдан для беларусаў табу? Ці стала Украіна аб’ектам цікавасці для беларусаў?

 «Макулатура» — чыста літаратурны часопіс. Не чакайце там знайсці палітычную аналітыку, журналісцкі рэпартаж ці гістарычны агляд.

Эсэ Сяргея Жадана просіцца, каб пачаць чытанне «Макулатуры» №8 з яго. Эсэ апісвае, як пісьменнік са знаёмым едуць на машыне праз тэрыторыі ўжо ці амаль ужо створанай Луганскай Народнай Рэспублікі. 27 красавіка — праз два тыдні пасля захопу Славянска. Старабельск, Луганск, Алчэўск…

Безнадзейнасць. Тэрыконы…

Родная хата дысідэнта Івана Святлічнага – мемарыяльная шыльда збітая, а ў хаце жывуць бамжы.

Эсэ пачынаецца з апісання рэальнасці Данбаса, якую Жадан не хоча ацэньваць. Данбаса, у якім ужо да моманту яго аддзялення было вельмі мала ўкраінскага і адбылася моцная сацыяльная дэградацыя. Мы бачым, як «руская вясна» выглядае з акон машыны. Жадан, зусім нядаўна да крыві збіты на харкаўскім майдане, не рашаецца пранікнуць у захопленыя будынкі Луганскага ўпраўлення Службы бяспекі Украіны і Аблдзяржадміністрацыі.

Адказаў «чаму» і «што рабіць» вы ў Жадана не знойдзеце. Рокер, раманіст і філосаф, ураджэнец Варашылаўграда (= Луганск) Жадан сыходзіць у разважанні пра мару аб свабодзе і мужнасць яе мець.

Згаленне людзей і сацыяльная дэградацыя былі перадумовамі вайны ў Данбасе і анексіі Крыма — такую выснову пацвярджаюць украінскія творы ў «Макулатуры».

Лёгка чытаецца іранічнае апавяданне Аляксандра Ірванца «Обшчы аналіз», які весела кпіць з пісьменнікаў савецкага тыпу, што паехалі ўпрочкі, пакрыўджаныя, але поўныя апломбу, на электрычцы гісторыі.

Акрамя ўкраінскіх аўтараў, ёсць і беларускія тэксты.

Юрась Карэтнікаў, які ў свой час быў лідарам спартова-патрыятычнай арганізацыі «Правы альянс», апісвае магілы паўстанцаў 1863—1864 на львоўскіх Лычакоўскіх могілках. У якасці загалоўка для свайго артыкула ён выбірае надпіс на надмагільным камені Сымона Шыдлоўскага «На нашым праху паўстануць мсціўцы».

Кацярына Рамашкевіч запісала свае ўражанні ад перабывання на Майдане. Яна апісвае ўкраінскую сяброўку, якую проста трэсла ад страху за мужа, калі ішоў штурм Майдану.

— Ну ўяві, а калі б ён увогуле сюды не пайшоў…

— Так, я была б вельмі расчараваная.

«Мы вымушаны выбіраць між страхам і расчараваннем, калі справа тычыцца нашых каханых», — падсумоўвае Рамашкевіч.

Друкуецца таксама Канстанцін Касяк. Ён запісаў цёплыя ўспаміны сваёй мамы пра яе паездкі ў Савецкую Украіну. А вось ягоны артыкул пра аднаго з лідараў УНА-УНСО Лупіноса няўдалы, «хвалебны».

Паэтычна піша пра Кіеў і Крым Марына Яўсейчык.

Свой голас дадаў і Алесь Гізун.

У цэлым, літаратурны альманах са сваім абліччам — прыгожы і з любоўю да творчасці.

Назва ў яго, праўда, прэтэнцыёзная — «Макулатура».

Успамінаецца такое ж улюбёнае ў літаратуру «Калоссе» 90-х і думаеш — тамтая назва была харашэйшая.

«Макулатура» адлюстроўвае творчыя пошукі адукаванай і традыцыяналісцкай часткі маладога пакалення. Гэтай моладзі ўласціва дэманстратыўнае эстэцтва, часам нават здаровае піжонства. (Ізноў прыгадваецца «Калоссе».)

І як і «Калоссе» калісьці, «Макулатура» выходзіць за грошы выдаўца. Ён жа галоўны рэдактар і заснавальнік — Сяргей Календа. Гэта заслугоўвае павагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?