Расійскі міністр спорту Віталь Мутко заявіў, што Расія гатовая падаць у суд на Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA), калі яно вырашыць дыскваліфікаваць расійскіх спартсменаў, абвінавачаных ва ўжыванні мельдонію.

Міністр растлумачыў, што цяпер яго ведамства плануе дамовіцца з агенцтвам пра мараторый на адхіленне спартсменаў ад спаборніцтваў, так як тыя ўжывалі прэпарат без злога намеру і не ведалі, што ён можа выводзіцца з арганізма каля года.

«Доказаў наўмыснага прымянення мельдонію няма ні па адным расійскім спартсмене, яны могуць быць адноўленыя ў правах», — сказаў міністр, дадаўшы, што на выпадак адсутнасці кампрамісу міністэрства ўжо наняло адвакацкае бюро для падачы пазоваў у суд.

Паводле апошніх дадзеных, усяго на ўжыванні мельдонію трапіліся каля 40 расійскіх спартсменаў. Пакуль рашэнне ні па адным з іх не вынесена, бо слуханні пастаянна пераносяцца.

Мутко раней тлумачыў маштаб праблемы тым, што мельдоній у мінулыя гады шырока ўжываўся ў структуры фармакалагічнага забеспячэння расійскіх зборных — ім карысталіся да 30% каманд.

Мельдоній быў уключаны ў спіс забароненых прэпаратаў з 1 студзеня 2016 года. На думку WADA, ён павышае вынослівасць арганізма спартсменаў. У той жа час спецыялісты кажуць, што эфектыўнасць мілдранату не пацвярджаецца дакладнымі клінічнымі выпрабаваннямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?