Крымінальная справа распачата па факце ДТЗ у Слуцку, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.
8 красавіка а 18-й гадзіне ў Слуцку на вуліцы Іваноўскага адбылася аварыя з удзелам аўтамабіля BMW E36 і Iveco, у якім нікога не было, паведамляе інфармацыйны сайт Слуцка Slutsk-Gorod.by.
Са слоў відавочцаў, кіроўца BMW абганяў аўтобус, пасля чаго вяртаўся на сваю паласу руху, пазбягаючы сустрэчнага аўтамабіля. На мокрым асфальце яго занесла, і BMW сутыкнуўся з прыпаркаваным ля краю праезнай часткі грузавым аўтамабілем Iveco, паведамілі ў ДАІ Слуцкага РАУС. У гэты час дарожныя ўмовы ўскладняліся моцным дажджом.
У выніку аварыі загінуў пасажыр BMW, кіроўца і яшчэ двое пасажыраў шпіталізаваныя ў цяжкім стане.
«Крымінальная справа ўзбуджаная па ч.2 арт.317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання). На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Прызначаныя судова-медыцынская і аўтатэхнічная экспертызы», — сказала Таццяна Беланог.