Суд даў санкцыю на арышт 59-гадовага Сяргея Царова, які стрэліў у галаву грамадзяніну Таджыкістана ў маскоўскім метро, паведамляе Бі-бі-сі.
Цароў узяты пад варту да 9 чэрвеня. Крымінальная справа распачата па артыкуле «замах на забойства».
Інцыдэнт адбыўся 8 красавіка на станцыі метро «Прафсаюзная». Паводле афіцыйных паведамленняў, мужчына пасварыўся з грамадзянінам Таджыкістана Сулаймонам Саідавым у вагоне метро, дастаў траўматычны пісталет «Аса» і два разы стрэліў Саідаву ў галаву.
Па словах відавочцаў, Цароў зрабіў некалькі нецэнзурных заўваг двум грамадзянам Таджыкістана, якія ехалі разам з ім у адным вагоне метро, а пасля нават пачаў выганяць іх з вагона, маўляў, такім тут не месца, перадае islamnews.ru. Першым ён стаў абражаць пляменніка Саідава — Мухамаджона Хакімава. Дзядзька спрабаваў заступіцца за пляменніка і супакоіць Царова. Аднак той ў адказ выцягнуў зброю і двойчы стрэліў Сулаймону ў галаву. Стрэлы былі зробленыя прыцэльна — адна куля трапіла ў яблык вока і засталася ў ім.
Ён выпусціў пісталет, па ім і вызначылі падазраванага. Яго затрымалі позна ўвечары ў пятніцу.
У суботу пасольства Таджыкістана ў Маскве заявіла, што сочыць за расследаваннем справы і мае намер патрабаваць аб'ектыўнага расследавання.
Саідаў знаходзіцца ў рэанімацыі.