На факультэце журналістыкі БДУ адбылося пасяджэнне камісіі па размеркаванні выпускнікоў пад кіраўніцтвам міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча.

Студэнтку 5‑га курса і прэс‑сакратара Партыі БНФ Кацярыну Маркоўскую размеркавалі ў крычаўскую газэту «Ленінскі кліч» на працу загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі.

Апроч міністра, у склад камісіі ўвайшлі дэкан факультэту журналістыкі Сяргей Дубовік, кіраўнікі кафедраў, намеснік дэкана па вучэбнай працы Вольга Самусевіч. Выпускнікам было прапанавана самім шукаць месца працы і прыносіць запыты. Кацярына Маркоўская мела запыт на працу літаратурным рэдактарам у выдавецкім доме Таварыства беларускай мовы ў Лідзе. Але з хадайніцтва Сяргея Дубовіка яго не задаволілі.

Кацярына Маркоўская заканчвае факультэт журналістыкі па спецыяльнасці «літаратурны рэдактар», паведамілі ў Партыі БНФ. Паводле студэнткі, рашэнне камісіі па размеркаванні носіць тэндэнцыйны характар:

«Згодна палажэння аб размеркаванні выпускнікоў мяне не маюць права размяркоўваць не па спецыяльнасьці, у дадзеным выпадку загадчыкам аддзелу. Я збіраюся абскарджваць дадзенае рашэнне у вышэйшых інстанцыях, калі будзе неабходна — звяртацца ў суд».

У лютым 2008‑га з факультэта журналістыкі нібыта за акадэмічную непаспяховасьць быў адлічаны сябра Сойму Партыі БНФ Франак Вячорка. Кацярына Маркоўская перакананая, што ейнае размеркаванне — працяг кампаніі рэпрэсіяў супраць студэнтаў журфака БДУ.

«Журфак сябе дыскрэдытаваў канчаткова. Гэты факультэт пераўтварыўся ў рэпрэсіўны інструмент сістэмы адукацыі супраць іншадумства і ініцыятывы», — гаворыць студэнтка.

pbnf.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0