Сядзібны дом Рудніцкіх, пабудаваны ў 1810—1820 гадах у вёсцы Асада Дзедзіна Мёрскага раёна, 18 мая будзе выстаўлены на электронныя таргі з пачатковай коштам 210 000 рублёў.

фота butb.by

фота butb.by

Гэты будынак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2 катэгорыі, г.зн. рэспубліканскага значэння. Дом быў пабудаваны для дваранскага суддзі Аляксандра Рудніцкага па праекце архітэктара Віткоўскага ў стылі класіцызму: прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак агульнай плошчай 772,6 кв. м. накрыты вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. У аздабленні фасадаў выкарыстаны пілястры, рустоўка, прафіляваныя карнізы. Планіроўка анфіладна-калідорная. Пад будынкам скляпеністыя падвалы.

Згодна з умовамі продажу, новы ўладальнік будынка павінен выкарыстоўваць аб'ект для прадпрымальніцкай дзейнасці не менш за тры гады, пры гэтым пачаць яе не пазней за 12 месяцаў з моманту падпісання дамовы куплі-продажу. Таксама яму трэба падпісаць і зарэгістраваць у Міністэрстве культуры ахоўнае абавязацельства, а пры неабходнасці правесці рэстаўрацыю дома і завяршыць яе за два гады. Акрамя таго, пакупніку прыйдзецца кампенсаваць бюджэту Мёрскага раёна 4 141 636 рублёў за афармленне дакументаў на аб'ект.

Вёска Асада Дзедзіна знаходзіцца прыкладна за 15 кіламетраў ад Мёраў па аўтамабільнай дарозе і за 6,5 кіламетра ад чыгункі. Акрамя самога будынка, яго ўладальнік атрымае права на арэнду зямельнага ўчастка плошчай 0,45 гектара тэрмінам на 50 гадоў.

Аўкцыён, на які выстаўляецца сядзіба XIX стагоддзя, упершыню ў Віцебскай вобласці пройдзе ў электронным фармаце. Акрамя гэтага лота, на таргі выставяць яшчэ чатыры будынкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?