Лідар гандбольнай зборнай Беларусі Сяргей Рутэнка завяршальны адрэзак сезона правядзе ў мінскім СКА. Пра гэта паведаміў БелТА генеральны дырэктар клуба Павел Галкін.

Падчас студзеньскага чэмпіянату Еўропы ў Польшчы Сяргей Рутэнка атрымаў траўму, пасля чаго праходзіў курс рэабілітацыі. У канцы сакавіка капітан беларускай зборнай пачаў трэніравацца разам са СКА і цяпер дапаможа армейскай дружыне на вырашальным этапе чэмпіянату Беларусі.

Выступ у складзе СКА неабходны Рутэнка, каб набраць аптымальную форму і на высокім узроўні згуляць за нацыянальную зборную ў матчах з камандай Латвіі за выхад у фінальную стадыю чэмпіянату свету-2017. Першы паядынак плэй-оф адбудзецца 12 чэрвеня ў Мінску, у адказ — 15 чэрвеня ў Валміеры.

Што тычыцца бліжэйшых планаў, то ўжо ў сераду, 13 красавіка, мінскі СКА ў палацы спорту «Уручча» прыме свайго галоўнага канкурэнта ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул — БГК. Пасля трох матчаў другога этапа нацыянальнага першынства абодва фаварыты маюць па 6 ачкоў. У гандбалістаў «Гомеля» два заліковыя балы за перамогу над гродзенскім «Кронанам» (37:27), у якога пакуль няма набраных ачкоў.

Пасля заканчэння другога этапа пачнуцца паўфінальныя серыі да дзвюх перамог, у якіх першая каманда згуляе з чацвёртай, другая — з трэцяй. Затым пераможцы паўфіналаў паспрачаюцца за залатыя медалі, якія прайгралі разыграюць бронзу. Медальныя серыі пройдуць да трох вікторый адной з каманд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?