Кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч надрукаваў у сваім фэйсбуку ліст мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла да віцэ-прэм’ера Наталлі Качанавай, датаваны 26 сакавіка. У ім духоўная асоба просіць чыноўніцу даць дазвол на выключэнне дамоў на адрасе вул. Вызвалення, 6, 6а і 8 са спісу гісторыка-культурнай спадчыны.

«Паколькі яны не маюць ніякага гістарычнага значэння і не ўяўляюць культурнай ці архітэктурнай значнасці», — гэтак безапеляцыйна сцвярджае мітрапаліт Павел.

Другім пунктам Павел просіць правесці дэмантаж гэтых будынкаў без узнаўлення.

Справа ў тым, што 11 сакавіка падчас сустрэчы Паўла і Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўвалася пытанне аб будаўніцтве храма Уваскрасення, а таксама адміністрацыйных будынкаў Беларускага экзархата. Паўстаць яны мусяць акурат на месцы гэтых дамкоў па вуліцы Вызвалення.

Сапраўды, гэтыя будынкі на сёння знаходзяцца ў аварыйным стане, але ці нагода гэта для зносу? Пра гэта мы спыталіся ў мастацтвазнаўцы, знаўцы гісторыі Мінска Сяргея Харэўскага.

«Гэтыя дамкі ўяўляюць горадабудаўнічую каштоўнасць. На працягу апошніх 25 гадоў іх ніхто не даглядаў. Іх адсялілі ў працэсе будаўніцтва мінскага метро.

Адзін з будынкаў знішчылі яшчэ раней. Заставалася два. Усе гэтыя гады яны былі без нагляду і свядома даводзіліся да аварыйнага стану. Кажуць, там ці то вецер дах зняў, ці то п’яніцы. Я не думаю, што п’яніцы палезуць на трэці паверх з інструментам.

Тры будынкі ўяўлялі паміж сабой цікавы комплекс. Не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасці? Але паасобныя будынкі вакол Нотр-Дам дэ Пары нібыта таксама не ўяўляюць ніякай каштоўнасці, а разам ствараюць непаўторны ансамбль. Гэтак можна зруйнаваць палову Рыма, калі ісці такой логікай. У Вільні палову дамоў можна грохнуць.

Прападае ансамбль, прападае вуліца. Раней так зруйнавалі мастакоўскі будынак на вуліцы Дзімітрава. Потым знішчылі ўсю вуліцу Дзімітрава.

Увогуле, калі не лічыць помнікам дамы ХІХ стагоддзя, якія занесеныя ў спіс каштоўнасцяў, то мы скатваемся да прынцыпаў «падабаецца – не падабаецца, добры – кепскі».

Калі так падыходзіць, то і Траецкае прадмесце некалі было ў падобным выглядзе. Дык у тым і сэнс, што трэба зберагчы маштаб, ансамбль, планіроўку, захаваць асаблівасці рэльефу. Іх можна дыхтоўна адрэстаўраваць, навесіць ліхтары, пакрыць дахоўкай, уставіць вокны. Толькі такой логікай трэба кіравацца.

Нават кампазіцыйна дамы на вуліцы Вызвалення цікавыя: спачатку ішоў аднапавярховы, пасля – двух- і, ўрэшце, — трохпавярховы. Яны ўсярэдзіне вельмі адметныя, асіметрычныя сцены, сутарэнні.

Гэта правіна найперш Міністэрства культуры, якое не парупілася за 25 гадоў закансерваваць будынкі, закласці руберойдам. Атрымліваецца, што дэ-факта за стан будынкаў у нас ніхто адказнасці не нясе.

Цяпер жа пра гэтыя аб’екты мітрапаліт Павел, грамадзянін Расіі, пагаварыў асабіста з Лукашэнкам. Фактычна, ён атрымаў дазвол на тое, каб грохнуць дамкі і зрабіць «яшчэ красівшэ».

РПЦ не патрэбныя малыя будынкі, хто будзе будаваць аднапавярховікі ў тры вакны, ім патрэбныя аграмадзіны. Паводле новых праектаў, змяняецца непапраўна ландшафт, зменіцца маштаб усёй вуліцы».

Антон Астаповіч у фэйсбуку паведаміў, што рыхтуе зварот на імя Наталлі Качанавай, копіі будуць накіраваныя ў кантралюючыя органы, а таксама ў Беларускі экзархат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?