У найбліжэйшыя пяць гадоў Савет міністраў плануе перадаць з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць большасць дзяржаўных актываў. Гэта прадугледжана праграмай дзейнасці ўрада на 2016—2020 гады, тэкст якой апублікаваны 11 красавіка на сайце Саўміна.
Рэструктурызацыя закране ўнітарныя прадпрыемствы і акцыянерныя таварыствы. «Перадача ў камунальную ўласнасць будзе грунтавацца на падыходах, якія прадугледжваюць канцэнтрацыю кіравання на рэспубліканскім узроўні стратэгічнымі арганізацыямі, уключаючы вала- і экспартаўтваральныя, суб'ектамі натуральных манаполій, а таксама інфраструктурнымі арганізацыямі, якія забяспечваюць развіццё і функцыянаванне галін эканомікі», — сказана ў дакуменце.
На першым этапе ў камунальную ўласнасць плануецца перадача арганізацый транспарту, гандлю, бытавога і медыцынскага абслугоўвання, грамадскага харчавання і будаўніцтва, невялікіх (да 25%) пакетаў акцый іншых арганізацый, а таксама пакетаў акцый і прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў з колькасцю да 100 працоўных.
Рэалізацыя гэтай меры, мяркуюць ва ўрадзе, дазволіць аптымізаваць функцыі органаў дзяржкіравання, сканцэнтраваць іх на распрацоўцы галіновай палітыкі, скараціць залішнія і дублявальныя функцыі дзяржорганаў і аптымізаваць іх штатную колькасць.
У 2016 годзе ўрадам будзе створаная міжведамасная каардынацыйная група па пытаннях павышэння эфектыўнасці і рэструктурызацыі дзяржарганізацый і кіравання дзяржаўнымі актывамі. Да канца верасня гэтага года група павінна будзе распрацаваць комплексную стратэгію рэфармавання і рэструктурызацыі дзяржарганізацый.
Паралельна плануецца перадаваць асобныя кампаніі ў кіраванне Дзяржкамітэту па маёмасці для ўкаранення перадавой практыкі карпаратыўнага кіравання ў акцыянерных таварыствах. «Да сярэдзіны 2017 года будзе праведзеная ацэнка ўздзеяння гэтай меры на забеспячэнне прыбытковасці і эфектыўнасці гэтых арганізацый з наступным прыняццем рашэнняў па распаўсюджванні такой практыкі на іншыя камерцыйныя актывы дзяржавы. Да канца 2018 года такі падыход будзе шырока прымяняцца ў дачыненні да ўсіх акцыянерных таварыстваў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці», — адзначаюць распрацоўшчыкі праграмы.
Будзе таксама забяспечвацца ўкараненне сучасных сістэм карпаратыўнага кіравання ў буйных дзяржаўных арганізацыях, падзел функцый рэгулятарнага нагляду і ўласніка, правядзенне IPO (публічнае размяшчэнне дадатковых выпускаў акцый) на міжнародных і айчыннай біржах.
У 2016 годзе будуць распрацаваныя дакладныя крытэрыі для аднясення дзяржаўных арганізацый да арганізацый, якія не падлягаюць прыватызацыі, а таксама да тых, што рыхтуюцца для прыватызацыі ў будучыні, сказана ў дакуменце.
Нагадаем, праграма дзейнасці ўрада на найбліжэйшыя пяць гадоў, прэзентаваная прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым, была ўхваленая Палатай прадстаўнікоў 5 красавіка.