Музыкант трапіў у камічную сітуацыю, якая літаральна паставіла на вушы гледачоў шоу і падзяліла думкi членаў журы, піша tut.by.

Віталь выйшаў на сцэну ў жоўтым гарнітуры супермэна і, праігнараваўшы шматлікія пытанні членаў журы, без прадстаўлення, пачаў свой выступ. Складалася ўражанне, што ў музыканта былі складанасці з гукам на сцэне і ён не чуў пытанні, якія выкрыквалі яму брытанскія суддзі.

Камічная сітуацыя выклікала буру авацый падтрымкі беларускага супермэна з баянам маладзечанскай фірмы «Зонта». Двое членаў журы не сталі чакаць канца выступу і націснулі чырвоныя кнопкі.

Пасля выканання першай кампазіцыі Віталь пачаў расказваць пра сябе і прапанаваў выканаць яшчэ адну песню. Брытанскі тэлевядучы Сайман Коўэл адказаў адмовай, але Варонка абвясціў: «Майкл Джэксан!» Зала зноў выбухнула авацыямі.

— Не рабіце гэтага зноў! — пасля выканання беларусам хіта They Do not Care About Us папрасіў яго камедыйны акцёр Дэвід Уільямс.

— Я кахаю вас! — прызналася Віталю іншы член журы, брытанская актрыса Аманда Холдэн.

У канчатковым выніку трое з чацвярых суддзяў прапусцілі Віталя далей. Беларуса зала праводзіла апладысментамі.

Партал Intex-press пагаварыў з Віталём пра выступ.

Па словах Віталя, перад выступам у яго не было саўнд-чэка, то бок настройкі інструмента і іншай апаратуры. Таму яму давялося настройвацца адразу на сцэне.

— Калі я выйшаў на сцэну, чуў толькі цішыню: у мяне не было гуку. Там вельмі вялікая зала. І атрымалася так, што члены журы нешта казалі, а я нічога не чуў, — распавёў Віталь Варанко.

Паводле яго слоў, не разгубіцца яму дапамог досвед папярэдніх конкурсаў.

Баяніст мяркуе, што такая сітуацыя з гукам выйшла не выпадкова.

— Мне здаецца, што ў арганізатараў быў нейкі план. Ім удалося мяне перахітрыць і зрабіць так, каб мой выступ выглядаў жыва і натуральна, — выказаў меркаванне музыкант.

Нягледзячы на тое, што не ўсё пайшло гладка, ён задаволены сваім выступам. Галоўныя задачы выкананы: ён развесяліў людзей і прайшоў у паўфінал.

— Чалавек-баян — гэта чалавек, які ратуе людзей ад дрэннага настрою, — сказаў Віталь Варанко пра свой сцэнічны вобраз. - Я прыехаў ратаваць свет ад дрэннага настрою. На шоў атрымалася выратаваць усіх, акрамя Саймана.

Баяніст распавёў, што ён цяпер у Беларусі, прыехаў сюды на запіс тэлевізійнага шоу «Дзве зоркі». Пасля гэтага зноў паедзе ў Лондан, дзе пройдзе запіс паўфіналу.

Музыкант прызнаўся, што разлічвае на перамогу ў гэтым шоў.

— Я напісаў адзін сусветны хіт I will be happy, які хацеў бы выдаць на сусветна вядомым лэйбле. Як у паўфіналіста шоу, у мяне ўжо ёсць такая магчымасць, — распавёў Віталь Варанко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0