У Беларусі можа быць забароненая адкрытая выкладка электронных цыгарэт і іх продаж асобам да 18 гадоў, паведаміла 12 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік галоўнага ўрача ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Людміла Наройчык.

Паводле яе слоў, асноўным дакументам, які рэгулюе абарот і выкарыстанне электронных сістэм курэння, стане абноўлены антытытунёвы дэкрэт прэзідэнта № 28 пасля яго ўхвалы ва ўрадзе.

«Рынак электронных цыгарэт зараз зусім не рэгулюецца, таму асноўны прынцып палажэнняў дэкрэта будзе ў тым, каб прыраўнаваць электронныя цыгарэты да звычайных тытунёвых вырабаў, з усімі наступнымі абмежаваннямі, — сказала яна. — Так, будзе забаронены продаж электронных цыгарэт асобам, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, а таксама адкрытая выкладка ў месцах продажу, пашырыцца пералік месцаў, дзе іх продаж і ўжыванне будуць забароненыя».

Намеснік галоўнага ўрача адзначыла, што ўсё больш лакальных даследаванняў розных краін, у якія ўкладваюцца сур'ёзныя грошы, даказваюць шкоду электронных цыгарэт, і ні адно — карысць.

«Справа ў тым, што пры курэнні электроннай цыгарэты прапіленгліколь і нікацін з парай адразу трапляюць у альвеолы, гэта значыць у лёгкія, — растлумачыла медык. — У некаторых людзей ужо назіраліся выпадкі атручэння нікацінам менавіта ў выпадках выкарыстання электронных сістэм курэння, бо чалавек не дазуе курэнне. Ён пастаянна курыць і ў выніку атрымлівае надзвычайную дозу нікаціну. Асабліва гэта назіралася ў падлеткаў».

Акрамя таго, падкрэсліла спецыяліст, зусім не кантралюецца сістэма вытворчасці — што дабаўляецца ў гэтыя картрыджы, што за араматызатары і гэтак далей. Таму, лічыць Наройчык, «лепш своечасова прыняць меры, пакуль не стала позна».

Згодна са звесткамі леташняга рэспубліканскага сацыяльнага даследавання, 67% курцоў хочуць кінуць гэтую звычку, даведаўшыся, якую шкоду яна прычыняе здароўю. За апошнія 12 гадоў распаўсюджанасць курэння ў Беларусі знізілася больш як на 11%. За апошнія два гады працэнт распаўсюджанасці курэння сярод насельніцтва ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшага ў Беларусі знізіўся да 27,8% супраць 30,5% у 2012 годзе.

«Зніжэнне на адзін-два працэнты ў год — гэта для нашай краіны ўжо поспех», — заявіла медык. Паводле яе слоў, тэндэнцыя сярод мужчын больш пазітыўная — з 2006 года колькасць курцоў зменшылася на 8%. Разам з тым працэнт жанчын, якія кураць, не змяншаецца і стабільна захоўваецца на ўзроўні 17%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?