Ад самага пачатку хачу папярэдзіць чытача пра тое, што дадзены артыкул не адносіцца да ўсіх без выключэння жыхароў беларускай вёскі, і падганяць усіх і кожнага пад нейкія штампы няслушна і нават шкодна, але цалкам магчыма вывесці пэўныя заканамернасці, чым мы і зоймемся ў артыкуле ніжэй.

Безумоўна, сама назва гучыць даволі правакацыйна і нават рэжа вуха, аднак ці ўсё так проста? Людзі, знаёмыя з гісторыяй нашай краіны, добра ведаюць, што канчатковае станаўленне беларускай нацыі адбывалася ў вёсцы. Вёска з’яўляецца калыскай беларускага народу, адтуль ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, а не з гарадскога асяроддзя, як гэта адбывалася збольшага ў іншых еўрапейскіх народаў, паўстала наша нацыя. Частка адраджэнцаў у канцы ХХ стагоддзя, калі наша краіна здабывала незалежнасць, ускладала вялікія надзеі менавіта на вёску як на сацыяльны феномен, у якім яшчэ не адбылася масавая русіфікацыя, што да таго часу ўжо паспела адбыцца ў беларускіх гарадах (знакамітая формула Дубаўца «Мова. Вёска. Вільня»). Масавая урбанізацыя Беларусі не прынесла беларускай мовы ў горад, а знішчыла яе паўсюдна.

На мой погляд, гэты працэс наклаўся на глыбокую гістарычную глебу ў псіхалогіі цэлага народа. Да гэтага адносіцца, напрыклад, вялікая колькасць польскамоўнай шляхты, рускамоўнага дваранства. У выніку мы атрымалі стэрэатып аб тым, што беларуская мова ёсць мовай «мужыцкай», нечым местачковым. Шмат у чым гэты штамп у сябе ўвабрала беларуская культура пачатку ХХ стагоддзя. Цікава тое, што за савецкі час тэрмін «мужыцкая мова» трансфармаваўся (і існуе да сённяшняга дня ў некаторых галовах) у тэрмін «калгасная мова». Адбылося гэта пад уплывам сацыяльных рэалій накшталт калектывізацыі, але па сутнасці дадзены штамп не змяніўся. Аднак перанясёмся ў сённяшні дзень і пяройдзем непасрэдна да тэмы артыкула. На дадзены момант я студэнт, які атрымлівае гуманітарную адукацыю ў адной з мінскіх ВНУ, і да разважанняў на гэту тэму мяне падштурхнулі менавіта людзі, якія мяне атачаюць. Каб вы маглі ўявіць, гэта людзі, якім сёння 18—22 гады, то бок народжаныя ўжо ў незалежнай Беларусі.

Часам, прыгледзеўшыся да аднаго чалавека, можна зразумець псіхалогію вялікіх груп людзей. Для мяне такім чалавекам стала стараста адной з груп, дзяўчынка, якой няма і 20-ці. Адзін з абавязкаў старасты — адзначаць наведвальнасць студэнтаў, і калі іншыя старасты дазвалялі сабе «прыкрываць» пэўныя прагулы іх аднагрупнікаў, то стараста гэтай групы вылучалася вялікай прынцыповасцю, адзначаючы ўсіх, за што заслужыла вялікую нелюбоў сваіх жа аднагрупнікаў. Дзяўчынка гэтая — з невялікай вёскі ў Магілёўскай вобласці, з’яўляецца зацятай актывісткай БРСМ і рознай афіцыйнай самадзейнасці. І вось, у адной з размоў пра прычыны яе такой прынцыповасці ў параўнанні з іншымі, я пачуў, здаецца, сакраментальную фразу: «Я не хочу возвращаться в свою деревню работать, я хочу остаться работать в Минске, в университете, если я буду всех отмечать, администрация будет видеть, что я им предана, и будет считать, что я им буду нужна тут».

Проста асэнсуйце, такімі словамі кажа дзяўчына, якой няма і 20-ці. Падумайце, хіба гэта не псіхалогія вялікага пласта людзей ў нашай краіне? Сённяшняя ўлада вельмі добра разумее гэту псіхалогію, таму што і сама адтуль паходзіць. Каб задаволіць патрэбу гарадской інтэлігенцыі, протасярэдняга класа, уладзе патрэбна ствараць пэўныя матэрыяльныя ўмовы і нешта нават большае. Згодна з пірамідай Маслоу, патрэбы гэтага класа даволі высокія, але з прычын дзейснай палітыкі задаволіць іх немагчыма. У процівагу для вялікай часткі людзей з вёскі дастаткова стварыць ўмовы «па 500» і «абы не вяртацца ў сваю вёску». То бок патрэбы вялікай часткі вяскоўцаў нашмат ніжэйшыя, чым у гарадскога насельніцтва.

Аб’ектыўна ўзровень жыцця на вёсцы куды ніжэйшы, чым ў горадзе, і чалавек які вырываецца з усяго гэтага, безумоўна будзе вельмі ўдзячны таму, хто ў гэтым яму дапамог. Менавіта таму дзеючая ўлада зрабіла стаўку на вясковае насельніцтва. Створаныя прэферэнцыі для паступлення вяскоўцаў ў ВНУ, на вышэйшых пасадах людзі выключна з вясковым паходжаннем, за вельмі рэдкім выключэннем. Калі ў СССР было важным сялянска-пралетарскае паходжанне, то ў сённяшняй Беларусі, можна сказаць, негалосна дзейнічае важнасць сялянскага паходжання кіраўніка. Улада ведае, куды трэба ціснуць, і цісне.

Цікавай тэмай для разважанняў і статыстычных падлікаў для мяне ў ВНУ стаў такі рытуал, як уступленне ў БРСМ. Па традыцыі яно ў нас добраахвотна-прымусовае, хоць пры пэўнай настойлівасці ад цябе могуць і адчапіцца. Увесь паток (усе групы з аднаго факультэта і курса) складае 90 чалавек, з іх 37 чалавек з’яўляюцца жыхарамі сельскай мясцовасці. І вось, верасень месяц, яшчэ зялёныя студэнцікі сядзяць у аўдыторыі, слухаючы першыя лекцыі ў сваім жыцці, толькі становяцца на новы шлях. А хто ім можа дапамагчы ў гэтым? Вядома, універсітэцкая суполка БРСМ, якая абяцае шмат салодкіх пернікаў, а тым хто не захоча з імі быць — бізун. Па выніку бізун яны паабяцалі выкарыстаць ў адносінах да 7 чалавек з 90, але самая галоўная цікавостка ўласна ў тым, што з гэтых 7 чалавек не аказалася ні аднаго вяскоўца, што не выглядае нейкім супадзеннем.

Для чысціні эксперыменту я сабраў падобную ж інфармацыю са старэйшага і малодшага за мяне курсаў, і вось якія лічбы я атрымаў. Старэйшы курс — 96 чалавек, з іх 39 вяскоўцы, 5 чалавек не знаходзяцца ў БРСМ, усе жыхары горада. Малодшы курс — 73 чалавекі, з іх 25 вяскоўцаў, у БРСМ не знаходзіцца 5 чалавек, і толькі тут адзін з іх вясковец. Тут у галаву прыходзіць фраза аднаго крамлёўскага прапагандыста: «Супадзенне? Не думаю». Вельмі зручна падобную інфармацыю знаходзіць менавіта ў ВНУ, бо ў іх вядзецца статыстыка адносна вясковага/гарадскога складу навучэнцаў, ці уступіў той ці іншы чалавек у БРСМ, прафкам і г.д.

Чытач можа задацца пытаннем: а што ўласна антыбеларускага тут? То бок вось мы бачым па гэтай статыстыцы, што вялікая колькасць вясковай моладзі прытрымліваецца вельмі канфармісцкага светапогляду, так бы мовіць, прыстасоўваецца да навакольнай рэчаіснасці. І гэтае пытанне ў пэўнай ступені слушнае, таму падзялюся яшчэ некаторымі вельмі цікавымі назіраннямі ў асяродку сучаснай беларускай моладзі.

Назіранні гэтыя тычацца стаўлення моладзі да беларускай мовы, і ў другую чаргу — палітыкі. І тут зноў жа розніца паміж гарадской і вясковай моладдзю даволі адчувальная. Няпроста зразумець, чаму, але студэнты з горада, пачуўшы, што ты размаўляеш з імі па-беларуску, ставяцца да цябе з нейкай асаблівай павагай, кажуць пра тое, што самі хацелі б размаўляць па-беларуску, але з пэўных прычын не наважваюцца, і г.д. Аднак зусім іншае стаўленне я бачу ад вялікай колькасці студэнтаў з вёскі. Пачуўшы беларускую мову, яны глядзяць на мяне як на дзівака і дзікуна, менавіта ад той дзяўчынкі-старасты я пачуў штосьці падобнае да слоў «мне белорусский не нравится, он колхозный». Словы ж па беларуску яна выкарыстоўвае выключна каб высмеяць нешта беларускае. Такое стаўленне — нейкае нават агрэсіўнае — я сустракаў ад вясковай моладзі вельмі і вельмі часта.

Тое самае можна сказаць адносна палітыкі. Калі ў гарадской моладзі стаўленне да уладаў альбо абыякавае (пераважна), альбо негатыўнае, то ў вясковай моладзі яно іншае. У асноўнай масе — таксама абыякавае, аднак часта сустракаецца і пазітыўнае. Ізноў вяртаючыся да нашай галоўнай гераіні: часта ў яе мове можна пачуць «Эти змагары!». Нічога не нагадвае?

Такім чынам, мы прыйшлі да таго, што большасць вясковай моладзі сёння проста ненавідзіць беларушчыну, у адрозненне ад значнай колькасці гарадской моладзі. Вось вам і «рускі са знакам качэства». Чаму так сталася і хто ў гэтым вінаваты? Афіцыйная прапаганда? Пэўныя псіхалагічныя комплексы? Мне здаецца, што гэтыя прычыны тут паклаліся адна на іншую. Такім чынам беларуская вёска ў ХХІ стагоддзі ператварылася з калыскі беларускай нацыі ў самы яе антыбеларускі элемент, у месца, дзе бяруцца галоўныя кадры для сённяшніх уладаў, дзе да беларускай мовы моладзь ставіцца, як да нечага варожага. Фактычна, сёння горад і вёска пачынаюць мяняцца месцамі ў параўнанні з 60—70-мі гадамі ХХ стагоддзя. Менавіта ў коле гарадской інтэлігенцыі, гарадской вучнёўскай моладзі, самых розных хіпстараў цепліцца беларушчына сёння. Беларускаму руху вельмі важна зразумець, як вырваць вясковую моладзь з рук уладаў, стаўка робіцца на яе. Без гэтай, самай апошняй сваёй апоры, ва ўлады няма будучыні.

Працяг дыскусіі:

Васіль Герасімчык: Беларуская вёска як самы беларускі элемент

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?