Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва звязаны ў першую чаргу з пошукам новых рынкаў збыту. Такое меркаванне выказаў палітолаг Валер Карбалевіч.

Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Турцыю 13 красавіка. Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, ён возьме ўдзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які пройдзе 14 красавіка ў Стамбуле пад дэвізам «Адзінства і салідарнасць у імя справядлівасці і міру», і выступіць на ім з прамовай. Праграма рабочага візіту таксама прадугледжвае шэраг двухбаковых сустрэч і перамоваў з лідарамі замежных краін.

У Арганізацыю ісламскага супрацоўніцтва ўваходзяць 57 дзяржаў, статус назіральнікаў маюць Расія, Боснія і Герцагавіна, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, а таксама шэраг арганізацый, у тым ліку ААН і Рух недалучэння.

Як зазначыў Валер Карбалевіч, Беларусь апошнімі гадамі спрабуе шукаць новыя рынкі збыту, таму актыўны ўдзел Лукашэнкі ў розных форумах — не навіна.

«Ён і да ШАС, і да БРІКС хоча неяк прывязацца, цяпер вось — да ісламскіх дзяржаў», — сказаў палітолаг.

«Да таго ж ёсць пэўныя праблемы з заходнім светам: у Еўропу ж ён не ездзіць, яго туды не запрашаюць. А кудысьці ездзіць трэба. І ён ездзіць з вялікім задавальненнем на розныя форумы, калі ёсць такая магчымасць», — лічыць Карбалевіч. На яго думку, удзел у саміце Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць для актывізацыі супрацоўніцтва з ісламскімі краінамі. «Гэта магчымасць яшчэ раз засвяціцца, сказаць, што мы актыўна хочам супрацоўнічаць», — зазначыў палітолаг.

Пры гэтым ён мяркуе, што Масква, у якой зараз напружаныя адносіны са Стамбулам, не стане выказваць незадаволенасці паездкай Лукашэнкі ў Турцыю. «Стамбул — гэта толькі месца правядзення форуму, тут нікуды не дзенешся. Не думаю, што ў Расіі будуць нейкія пытанні з нагоды гэтай яго паездкі», — выказаў меркаванне Карбалевіч.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў, наадварот, лічыць, што Крэмль негатыўна ўспрыме візіт Лукашэнкі ў Стамбул, хаця публічна незадаволенасць ён раскрываць не стане.

«Крэмль наогул незадаволены любымі крокамі Беларусі, якія хоць неяк выбіваюцца з рэчышча расійскай знешняй палітыкі. Паколькі ў нас, як у саюзных дзяржаў, ёсць дамоўленасць каардынаваць знешнепалітычную дзейнасць, Крэмль чакае, што Беларусь будзе да літары выконваць усе ўзгадненні і прытрымлівацца тых пазіцый, якіх прытрымліваецца Расія. А калі Беларусь спрабуе гуляць нейкую сваю гульню, гэта спараджае ў Масквы негатыўныя эмоцыі, якія часам выплюхваюцца ў прэсу, але часцей за ўсё не», — лічыць палітолаг.

На думку Мельянцова, удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва Лукашэнка выкарыстоўвае для таго, каб нагадаць пра гатоўнасць Беларусі выступаць міратворцам ва ўрэгуляванні розных канфліктаў, у тым ліку паміж Расіяй і Турцыяй, пра што ўжо заяўлялася раней.

«Тут спляліся ўсе гэтыя праблемныя моманты, якiя наша ўлада, мабыць, хоча рассячы адзіным рухам цела. Беларускі прэзідэнт паехаў з тым, каб данесці беларускае бачанне сітуацыі.

Трохі згасае ўжо гэты імідж нейтральнай пляцоўкі і міратворца, таму яго трэба пастаянна падмацоўваць, саміт дае такую магчымасць», — адзначыў Мельянцоў. Да таго ж, дадаў ён, гэта будзе, хутчэй за ўсё, проста выступ, рыторыка «пра мір ва ўсім свеце», якая не абавязвае Беларусь ні да чаго канкрэтнага.

«Натуральна, пасля такіх візітаў і заяў беларускага лідара ў Маскве скрыгочуць зубамі, але нічога публічна зрабіць не могуць, бо рэагаваць негатыўна — гэта даць падставу папракнуць сябе ў супрацьдзеянні мірнага ўрэгулявання», — лічыць палітолаг.

Варта зазначыць, што раней Лукашэнка заклікаў Расію і Турцыю пайсці на саступкі дзеля аднаўлення добрых адносін. Выступаючы 12 снежня 2015 года ў Ашхабадзе на міжнароднай канферэнцыі з нагоды 20-годдзя нейтралітэту Туркменістана, ён заяўляў: «Трэба пераадолець усялякія нагнятанні жарсцяў і знайсці магчымасць зрабіць для пачатку хаця б паўкроку насустрач адзін аднаму. І праблема вырашыцца. Адновяцца тыя добрыя, блізкія адносіны, якія былі паміж гэтымі народамі і дзяржавамі і абавязкова будуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?