28 красавіка ў 17.15 з Жодзінскай турмы №8 на волю выйшаў датэрмінова вызвалены моладзевы актывіст Зьміцер Касьпяровіч. Затрыманы 17 студзеня падчас таго, як сарваў сьцяг зь Менгарвыканкаму, ён правёў за кратамі 3 месяцы і 11 дзён. Асуджаны на 5 месяцаў турэмнага зьняволеньня, ён мусіў выйсьці ў чэрвені.

Кораткастрыжаны, схуднелы Зьміцер выйшаў на волю адным з апошніх у групе датэрмінова вызваленых: агулам у гэты дзень вызвалялася каля 20 чалавек. Першыя пытаньні Касьпяровіча былі пра палітыку: «Што было на Чарнобыльскім Шляху? Ці многа было народу? Міліцыянты мне сказалі, што нібыта Мілінкевіча пасадзілі...» Касьпяровіч кажа, што «20 дзён пераседзеў», бо згодна з законам умоўна-датэрмінова яго мусілі вызваліць раней.

Першае пачуцьцё – радасьць, што нарэшце вызваліўся: «Тры з паловай месяцы ня бачыў волі, бачыў адны сьцены ў камэры – толькі ў дворык выводзілі. Рэжым тут дастаткова жорсткі: у 6 – пад’ём, у 10 – адбой, спаць нельга. Таму хочацца ў першую чаргу паспаць. Дзіўнавата троху бачыць вялікую прастору, дзіўнавата троху пачуваюся».

Пра падзеі ў краіне Зьміцер меў толькі тую інфармацыю, што пераказвала маці: «Тэлевізара ў камэры няма, газэты не перадавалі – толькі тыя, што замоўленым лістом. Я меў спатканьне з маці, і ведаў, што каля 200 чалавек было завезена сюды ў турму. Іншая справа, што ў іншых камэрах гэтага ня ведалі. Газэты даходзілі, аднак некаторыя – ня цалкам, а толькі частка газэты».

Свае пляны на будучыню Касьпяровіч не хавае: «Тое самае, што рабіў да таго, як мяне пасадзілі. Напэўна, буду займацца турыстычнай дзейнасьцю. Ёсьць яшчэ такія пляны – вучыцца ў Беластоку, працягваць адукацыю, хацелася б пачаць працаваць над магістарскай дысэртацыяй». Разам з тым ад далейшай грамадзка-палітычнай дзейнасьці Зьміцер Касьпяровіч, унук рэпрэсаванага, не адмаўляецца: «Мая пазыцыя не зьмянілася, яна нават больш умацавалася. Пасадзілі мяне незаконна, не па тым артыкуле. Пэўны адсотак людзей, якія сядзелі са мной у камэры, таксама сядзелі ні за што. Рэальна адсоткаў двацацць сядзелі па сфабрыкаваных справах альбо за тое, чаго яны не рабілі».

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0