Паўтара тыдня група свойскіх свіней штодня прыбягае ў вёску Цівідаўка паблізу Маладзечна і гаспадарыць на ўчастках, палохаючы дзяцей. Жыхары, адганяючы жывёл, абараняюць свае падворкі з дапамогай вілаў і грабляў.

Пра гэта ў рэдакцыю партала Край.бай паведаміла жыхарка вёскі Цівідаўка Анастасія Чарняўская-Макеенка.

«Вось ужо паўтара тыдня, як кожны дзень з Лясных да нас прыбягаюць свінні. Раніцай з'яўляюцца, а ўвечары сыходзяць. Няма на іх ніякай управы, — распавядае жанчына. — А вось і свінні з'явіліся, яны зноў тут — перарываецца суразмоўца. — Я вось з вамі размаўляю і гляджу, як яны прыгожа рыюцца ў мяне ў агародзе».

Статак блукаючых свіней, паводле слоў жыхаркі вёскі, налічвае больш за 10 асобін. Яны бегаюць групамі і палохаюць дзяцей.

«Жывёлы збіваюцца купкамі. Мы налічылі 14 свіней, потым выявілі яшчэ дваіх, а затым і мацёру з парасятамі. Самае страшнае, што сярод жывёл ёсць і агрэсіўна настроеныя кныры, — тлумачыць Анастасія. — У мяне трое дзяцей, і ўявіце, што я бачу: белы кныр бяжыць на іх. Я сама фермер і ведаю, што гэтая жывёла можа літаральна парваць чалавека».

Па словах Анастасіі, свінні шпацыруюць па ўсёй вёсцы, бесцырымонна урываючыся ў валоданні людзей. Жыхары іх ганяюць, скардзяцца адзін аднаму і нічога з гэтым зрабіць не могуць.

«Гэта свойскія свінні. Іх гаспадары з Лясных. Самі яны жывуць на вуліцы Багушэвіча, а на вуліцы Чарота трымаюць ферму. Гэтых свіней, відаць карміць няма чым, вось і выпускаюць іх да нас на выгул».

У надзеі пазбавіцца ад няпрошаных гасцей мясцовыя жыхары звярнуліся ў міліцыю.

«Учора з раніцы мы патэлефанавалі ў міліцыю. У выніку ўчастковы прыехаў, калі ўжо сцямнела. Ён прыняў заяву і сказаў, што адправіць яго на сельсавет».

Анастасія перажывае, што вырашэння праблемы давядзецца чакаць не адзін дзень, а яны засеялі поле аўсом.

«Свінні ўжо паспрабавалі гэты авёс, цяпер іх адсюль не выганіш, — з прыкрасцю кажа жанчына і дадае. — А што будзе, калі адна з гэтых жывёл здохне? Ніхто нават пытацца не будзе — выражуць усіх свіней у акрузе. Вось што самае страшнае. Я сама іх разводжу, але мае свінні стаяць у хляве і нікуды не ходзяць».

Старшыня Цюрлёўскага сельвыканкама: «Складаць пратакол на жыхара горада — не мая кампетэнцыя»

У Цюрлёўскім сельскім выканаўчым камітэце, да якога належыць Цівідаўка, пра праблему ведаюць. Але на тое, каб складаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да гаспадароў жывёл, якія жывуць у Маладзечне, у старшыні сельвыканкама паўнамоцтваў, як ён тлумачыць, няма.

«Да мяне наўпрост з гэтым пытаннем ніхто не звяртаўся, — кажа Уладзімір Кушнярэвіч. — Я ведаю пра гэта ад нашага ўчастковага. Але мікрараён Лясныя, адкуль прыходзяць свінні, адносіцца да горада Маладзечна, а не да нашага сельсавету. Я не магу скласці пратакол на жыхара горада, гэта не мая кампетэнцыя. Вяскоўцам трэба звяртацца ў «Камунальнік», санстанцыю, якія могуць скласці пратакол за парушэнне ўмоў утрымання жывёл».

Камунальнік: «Свінні — не наша кампэтэнцыя»

Намеснік дырэктара УП «Камунальнік» Валерый Альшэўскі параіў жыхарам Цівідаўкі звяртацца ў Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт.

«Наколькі я разумею, гэтыя свінні з прыватнага падворка. А прыватныя падворкі ў нас на балансе не стаяць. Мы за асабістым падворкам людзей не глядзім, разумееце? — тлумачыць Валерый Альшэўскі. — У нас ёсць брыгада па адлове сабак і катоў, калі б гэта былі каты ці сабакі, мы б іх адлавілі. А свінні — не наша кампетэнцыя. Жыхарам вёскі я параю звяртацца ў санэпідстанцыю або да гарадскіх уладаў».

Ветстанцыя: «Мы прымем меры і зробім усё, што залежыць ад нас»

Начальнік Маладзечанскай раённай ветэрынарнай станцыі Мікалай Малінец паабяцаў дапамагчы жыхарам вёскі. 

«Калі гэта тыя людзі, пра якіх я думаю, то каля тыдня таму мы да іх выязджалі. Гэтым гаспадарам свіней было выпісана прадпісанне. Зараз будзе накладзенае адміністрацыйнае спагнанне. Але трэба будзе збіраць камісію і вырашаць гэтае пытанне больш глабальна, падключыўшы і іншыя службы: архітэктуру, ЖКГ і гарадскую адміністрацыю. Мы са свайго боку прымем меры і зробім усё, што залежыць ад нас», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?