Пячэрскі раённы суд Кіева выдаў ордэр на арышт кіраўніка анексаванага Расіяй Крыма Сяргея Аксёнава, паведамляе Генпракуратура Украіны.

«Пастановай Пячэрскага суда Кіева дадзены дазвол на затрыманне падазраванага […] Аксёнава», — сказана ў паведамленні.

Супраць Аксёнава распачалі крымінальную справу, яго падазраюць у злоўжыванні службовым становішчам, незаконным завалоданні маёмасцю дзіцячага лагера «Артэк» і перадачы яго Расіі.

У рамках той жа справы на маёмасць лагера накладзены арышт.

Сам Аксёнаў скептычна паставіўся да рашэння суду і назваў яго «праявай крэтынізму».

«Калі суд Кіева вырашыў мяне затрымаць і арыштаваць, то няхай паспрабуюць выканаць сваё рашэнне. У чым праблема? Адрас ведаюць — наперад да выканання. Засталося толькі прыехаць. Акурат сяджу і чакаю іх, калі прыедуць», — напісаў ён у Facebook.

Таксама судом дадзены дазвол на затрыманне прызначанага акупацыйнай уладай АР Крым генеральнага дырэктара НПАО «Масандра» Ярыны Паўленка.

Гаворка ідзе пра справу па факце растраты бутэлькі ўнікальнага калекцыйнага віна Херас-дэ-ла-Франтера ўраджаю 1775 года коштам каля 100 тысяч даляраў ЗША, якое ўваходзіла ў калекцыйны фонд «Масандры», было нацыянальным здабыткам Украіны, складала значную гістарычную, навуковую і практычную каштоўнасць.

Як вядома, Паўленка адкаркавала для прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна і экс-прэм'ера Італіі Сільвіё Берлусконі бутэльку вышэйпаказанага віна, а затым спісала яго па цане 44 рублі 12 капеек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?