Пасля двухгадовага перапынку Ганна Хітрык і гурт «Sunduk» выдалі альбом «Сом». Ён змяшчае песні на рускай і беларускай мовах і прэзентуе новую – дарослую і сур’ёзную – Ганну Хітрык.

– Чаму ўзнік такі вобраз?

– Мая музыка – адлюстраванне майго жыцця, і не больш. Я сталею – мая музыка таксама. Гэта сур'ёзны альбом, дарослы, і ён не мог быць іншым. Паўтара года таму майму сыну паставілі дыягназ «аўтызм». Гэта афарбавала маё жыццё ў колеры, якіх не было раней. Мелодыі не перасталі пераследаваць мяне, і я ўдзячная за гэта, але, найперш, у сваёй музыцы я мушу быць шчырай.

«Маё жыццё цяпер можна прачытаць у песні «Сом». 

Не ўсе гэта прымаюць, нават не ўсе блізкія мне людзі. Большасць маіх слухачоў любіць мяне-клоўна.

– А што здарылася з клоўнам?

– З ім нічога не здарылася! Калі б ён знік, я б, напэўна, не вытрывала таго, што адбываецца. Я па-ранейшаму люблю весяліць людзей, але лічу за лепшае рабіць гэта паміж песнямі.

– Ці зразумелі новую Ганну Хітрык музыкі гурта?

– Яны вельмі адчуваюць мяне, інакш мы не былі б гуртом. Мы не лепшыя сябры, але самае важнае, што адбылося за пяць гадоў, – мы засталіся разам. Вельмі добра мець побач блізкіх людзей, з якімі камфортна, нягледзячы на тое, што кожны з нас мае сваю прыхільнасць. Гітарыст любіць джаз. Я люблю Б’ёрк. Віяланчэлістка – Земфіру. Басіст слухае «Thirty Seconds to Mars». І вось яны пачынаюць нешта сваё граць, і тут я крычу: «Не! Не! Зразумейце, тут павінен падзьмуць вецер!!!». Усе змаўкаюць, і ў поўнай цішыні я бачу, як яны лупаюць вачыма: «Вецер, так?.. Лып-лып…». Але ў выніку атрымліваецца нейкі неймаверны кактэйль. У гэтым альбоме вельмі шмат вельмі рознай музыкі.

– На канцэртах Вы скарыстоўваеце шмат акцёрскіх прыёмаў, звычайна гэта цэлы спектакль. То адбітак прафесійнай дзейнасці ці наўмысны крок?

– Я выходжу на сцэну не для таго, каб пакрасавацца. Мне падабаецца, калі гледачу цікава на мяне глядзець. Вельмі хачу дастукацца да кожнага, заспяваць тое, што дапаможа разняволіцца, ці задумацца, ці развесяліцца. І чакаю ўзамен тую энергію, якая заўсёды надае моцы і натхняе.

– «Сом» уключае восем песень на рускай мове і восем – на беларускай. Чаму так?

– Калі два з паловай гады таму мы пачалі працу над гэтым альбомам, нам усё пра яго было зразумела: ён будзе беларускамоўны, мы ведаем, што хочам сказаць, з чаго пачаць і чым скончыць – усё па плану. Мы нават запісалі большасць песень. Але праз некаторы час, калі спачатку было цяжкавата з фінансамі, а потым на мяне абрынулася праблема з сынам, стала відавочна, што мы ўжо нічога не разумеем. Мы ўжо не хочам рабіць альбом такім і хочам сказаць нешта іншае.

З’явіліся новыя песні, цяпер ужо на рускай мове, і мы гралі іх і баяліся прызнацца сабе, што менавіта яны – тое, што трэба. У выніку вырашылі нікога не падманваць, найперш – сябе, і аб’ядналі ў альбоме тыя песні, якія павінны там быць, і не зважаць на мову.

– Як удалося спалучыць дзве мовы на адной плытцы?

– А ніяк, не спалучаюцца яны ў нас! (смяецца) Яны цудоўныя – і беларускамоўная, і рускамоўная праграмы – але існуюць паасобку. Мы проста падзялілі альбом на дзве часткі, кожная жыве сваім жыццём.

– Ці засталіся задаволеныя альбомам?

Ён мне падабаецца. Ён цікавы. І шчыры.

***

Прэзентацыя новага альбома «Сом» Ганны Хітрык і гурта «Sunduk» адбудзецца 16 красавіка ў Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску. Пачатак а 19.00. Кошт квіткоў ад 175 да 325 тысяч рублёў.

Плытка выдадзеная накладам 1000 асобнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?