Нацыянальная авіякампанія «Белавія» не плануе гэтым летам выконваць рэйсы ў Крым з прычыны іх невысокай рэнтабельнасці.

Як паведаміў БелаПАН намеснік генеральнага дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец, зімой было прынята рашэнне не адкрываць у гэтым сезоне рэйсы ў Сімферопаль.

«Самалёты можна запаўняць на 100%, але пытанне ў тым, па якім кошце рэйса. Гэта значыць, самалёты могуць запаўняцца, але рэйс пры гэтым будзе стратным. У сваю чаргу, калі павысіць цэны, то загрузкі не будзе, бо гэта будзе супараўнальна з адпачынкам у Егіпце і Турцыі», — патлумачыў прадстаўнік «Белавія».

Справа ў тым, дадаў ён, што цэны на адпачынак у Крыме ўжо такія, што разам з коштам білета на самалёт, агульны памер расходаў перавышае кошт адпачынку за мяжой.

Пры гэтым І.Чаргінец падкрэсліў, што «Белавія» не скрачае, а, наадварот, павялічвае колькасць рэйсаў і частату палётаў. Да летняга сезона кампанія плануе павялічыць парк паветраных суднаў заходняй вытворчасці тыпу «Боінг». Тры новыя самалёты — два «Боінгі‑737/500» (пастаўка ў красавіку‑маі) і адзін «Боінг‑737/300» (пастаўка ў чэрвені) — па ступені ўводу іх у эксплуатацыю заменяць Ту‑134 і Ту‑154 на многіх рэгулярных і чартэрных лініях. Вядуцца перамовы аб пастаўках двух самалётаў тыпу CRJ ‑100/200 на пачатку лета, што дазволіць выконваць усе рэгулярныя рэйсы на заходняй тэхніцы.

Як раней паведамлялася, у летні перыяд «Белавія» павялічыць частату палётаў па летнім раскладзе на найбольш запатрабаваных замежных маршрутах. Авіякампанія будзе выконваць палёты ў 27 гарадоў 20 краін Еўропы, Азіі і Блізкага Усходу, у тым ліку ў шэсць краін СНД (Расію, Арменію, Грузію, Украіну, Азербайджан, Казахстан).

Павялічана частата палётаў на набольш запатрабаваных замежных маршрутах — у Лондан, Парыж, Рым, Франкфурт, Шэнан, Тэль‑Авіў, Прагу і Маскву.

Традыцыйна з чэрвеня да пачатку верасня «Белавія» выконвае рэйсы, што злучаюць гарады Германіі і Казахстана. Таксама ў летні перыяд будуць выконвацца рэйсы ў Манчэстэр (з 2 чэрвеня па 1 верасня) і Сочы (з 14 мая па 24 верасня).

Улічваючы вялікі попыт на авіяперавозкі ў сталіцу Расіі, «Белавія» 20 чэрвеня ўводзіць дадатковы рэйс у аэрапорт Дамадзедава. Такім чынам, частата палётаў на маршруце Мінск — Масква — Мінск складзе пяць рэйсаў у дзень, з іх тры рэйсы — у аэрапорт Шарамецева‑1 і два рэйсы — у аэрапорт Дамадзедава.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0