
З 25 красавіка 2016 года мінская школа №130, што па вуліцы Янкі Лучыны, будзе насіць імя грамадзянкі Злучаных Штатаў Амэрыкі Рут Уолер.
Пра гэта сёння паведаміў на брыфінгу для журналістаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Рут Уолер была супрацоўніцай місіі Адміністрацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля дапамогі і адбудовы (UNRRA), якая працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах.
У жніўні 1946 года 24-гадовая амерыканка ўратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла на запаленне лёгкіх і менінгіт. Нягледзячы на намаганні дактароў, выратаваць Рут Уолер не ўдалося. Яе пахавалі на Вайсковых могілках у Мінску.
Штогод пасольства ЗША ў Беларусі ўскладае кветкі да яе магілы. У цырымоніі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі.
UNRRA, у якую ўваходзілі 45 краін свету, стала своеасаблівай папярэдніцай ААН. Дзейнасць UNRRA была скіраваная на дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ў Другую ўсясьветную вайну. Значны ўнёсак у дзейнасць арганізацыі зрабілі ЗША. У Беларусі ў складзе місіі UNRRA працавалі пятнаццаць чалавек, у фінансавым вымярэнні дапамога ЗША па гэтай лініі склала 60 мільёнаў даляраў.
Каментары