У штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце, які апублікаваны 14 красавіка, адзначаецца, што ў Беларусі захоўваюцца «значныя праблемы ў сферы правоў чалавека».

У раздзеле, прысвечаным Беларусі, у прыватнасці, адзначаецца: грамадзяне па-ранейшаму не маюць магчымасці змяняць урад шляхам выбараў; у сістэме, пазбаўленай стрымак і проціваг, улады здзяйсняюць злоўжыванні; былыя палітвязні да гэтага часу не адноўленыя ў грамадзянскіх і палітычных правах; улады так і не далі ніякіх тлумачэнняў па фактах «палітычна матываваных знікненняў» (гаворка ідзе пра знікненні апазіцыйных палітыкаў і журналіста ў 1999—2000 гадах).

«Беларусь — гэта аўтарытарная дзяржава, — гаворыцца ў дакладзе. — Канстытуцыя краіны прадугледжвае прамыя выбары прэзідэнта, які з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, і парламента. Прэм'ер-міністр прызначаецца прэзідэнтам і з'яўляецца намінальным кіраўніком урада, але ўлада сканцэнтраваная ў прэзідэнта дэ-факта і дэ-юрэ «.

У дакуменце таксама адзначаецца, што пасля 1994 года (калі ў Беларусі прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары) усе выбарчыя кампаніі, што праводзіліся ў краіне, у тым ліку прэзідэнцкія выбары 2015 года, не адпавядалі міжнародным стандартам.

Сярод іншых парушэнняў правоў чалавека ў дакладзе называюцца злоўжыванні з боку сілавых структур, у тым ліку шляхам «дрэннага стаўлення да падазроных падчас расследаванняў і ў турмах», адвольныя затрыманні грамадзян за крытыку ўлады, удзел у дэманстрацыях і з іншых палітычных прычын.

Судовая галіна ўлады ў Беларусі не з'яўляецца незалежнай і зазнае ўмяшанне з боку іншых галін улады, а судовыя рашэнні «часта з'яўляліся прадказальнымі і выносіліся за зачыненымі дзвярыма ў адсутнасць абвінавачанага», адзначае Дзярждэп ЗША.

Улады ў Беларусі працягваюць абмяжоўваць грамадзянскія правы і свабоды, уключаючы права на свабоду слова, свабоду СМІ, сходаў, асацыяцый і рэлігіі, гаворыцца ў дакладзе.

Адзначаецца таксама, што ўлады працягваюць адмаўляць у рэгістрацыі недзяржаўным арганізацыям, палітычным партыям, праваабарончым арганізацыям, а затым пагражаюць ім пераследам за дзейнасць без рэгістрацыі.

Дыскрымінацыю зведваюць прадстаўнікі сексуальных і этнічных меншасцяў, людзі з інваліднасцю, з дыягназам ВІЧ/СНІД, а таксама «тыя, хто імкнецца гаварыць на беларускай мове», гаворыцца ў дакладзе.

Яго аўтары таксама паказваюць на праблему са службовай карупцыяй ва ўсіх галінах улады, якая па-ранейшаму актуальная ў Беларусі.

На просьбу БелаПАН пракаментаваць даклад Дзярждэпартамента ЗША прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заявіў: «Гэта ўнутраны дакумент амерыканскай адміністрацыі. Дзярждэпартамент рыхтуе яго па запыце Кангрэса ЗША. Намеру каментаваць унутраныя дакументы амерыканскай адміністрацыі ў нас няма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?