Першымі з пладовых дрэў зацвілі абрыкосы, слівы і алыча. Іх каляровая гама, што радуе вока, вар'іруецца ад белага да цёмна-ружовага.
Па словах асістэнта кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Святланы Жадзько, гэта азначае, што дрэвы ўжо атрымалі суму станоўчых тэмператур, што патрабуецца для зацвітання.
«Гэтак раннія тэрміны пачатку вегетацыі прадвызначыла мяккая зіма, а таксама дастаткова цёплыя сакавік і красавік», — мяркуе яна.
У апошнія гады на паўднёвым усходзе Беларусі назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя ў бок больш ранняга пачатку цвіцення пладовых дрэў. За апошнія 10-15 гадоў гэта зрушэнне склала як мінімум два тыдні: з канца красавіка да сярэдзіны месяца.
«Гэты факт з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што ў нашай краіне назіраецца пацяпленне клімату. Магчыма, на паўднёвым усходзе гэта больш выяўлена», — адзначыла спецыяліст.