У Мінску, на вуліцы Багдановіча 128а, пасля невялікага рэмонту працягвае працу кафэ з веганскім меню «Monkey Food».

Каманда запусціла конкурс у інтэрнэце, дзе прапанавала намаляваць эскіз для новага дызайну памяшкання. У выніку было вырашына даць размаляваць сцены жыхарам псіханеўралагічнага інтэрната №5. «У іх атрымалася даволі канцэптуальна, а эскіз яны намалявалі за паўдня», — адзначылі ў кафэ.

Пра «Monkey Food»

«Гэта не проста кафэ, а цэлы праект. У адкрыцці «Monkey Food» удзельнічала вялікая колькасць людзей, дзесьці каля 50. Цікавую назву кафэ прыдумала Маша, якая пякла пірагі і свой кулінарны праект назвала «Monkey Food»».

Кафэ, негледзячы на веганскую кухню, разлічанае на масавую культуру. «Наша кафэ разлічанае на звычайнага сярэднестатыстычнага чалавека. Мы хочам, каб нашы стравы пакаштавала максімальная колькасць людзей. Таму мы спрабуем зрабіць яго максімальна даступным: дзіця ці дарослы чалавек, бедны ці з добрым дастаткам. Нам падаецца, што ёсць такая праблема ў Мінску, што вегетарыянскія і веганскія ўстановы адкрываюцца толькі для веганаў і вегетарыянцаў. Мы хацелі неяк пазбавіцца гэтага клішэ, каб наша ежа была агульнадаступнай. Мы заўсёды эксперыментуем з ежай і смакам. Калі камусьці з каманды прыходзіць нейкая ідэя, мы збіраем фокус-групу, і, калі ўсім гэта падабаецца, можам нешта змяніць у рэцэпце».

Адметнай у «Monkey food» з’яўляецца і дастаўка – усе замовы дастаўляюцца кур’ерамі на роварах. «Мы запусцілі дастаўку зімой. Тады ўсе смяяліся. Першая замова была ў -15 градусаў, і дастаўляла яе наша дзяўчынка Крысціна. Нядаўна, дарэчы, яна перамагла ў спаборніцтвах у Львове па велатрэку. У некаторых момантах ровар не саступае аўто. Ровар больш мабільны і манеўраны. Цяпер у нас толькі два ровары, але мы спадзяёмся, што павялічым колькасць. Мы нават адмысловыя скрыні для ежы на ровар прыдумалі».

Сярэдні час ад атрымання замовы кур’ерам да дастаўкі складае каля 20—30 хвілін.

Сярэдні час ад атрымання замовы кур’ерам да дастаўкі складае каля 20—30 хвілін.

Меню і цэны

Усім наведвальнікам і жадаючым замовіць веганскую ежу прапануюцца тры пазіцыі: боксы, ролы і выпечка. Дадаткова можна замовіць печыва з журавінамі, соусы, пасты, гарбату і каву, узвары і некалькі відаў газіроўкі. Боксы і ролы можна замовіць як традыцыйныя, так і берберскія.

Берберы (саманазва — «свабодны мужчына») — агульная назва жыхароў, якія прынялі іслам у VII стагоддзі ў паўночнай Афрыцы. Па словах каманды «Monkey Food», берберы прыдумалі аўтэнтычную берберскую салату, якую яны выкарыстоўваюць у сваіх рэцэптах.

Пірагі ёсць салодкія (ягадны і яблычны) і несалодкія (з фасоллю і бульбяны). Кафэ зрабіла акцэнт на ўзварах і газаваных напоях. Узвары прыгатаваныя па ўнікальных рэцэптах, а газіроўка — з натуральных складнікаў і робіцца ў Германіі.

У боксы ўваходзіць тры шарыкі фалафеля ці 80 г абсмажанага мяса з расліннага пшанічнага бялку, бульба ці рыс, і салата. Такія боксы каштуюць ад 45 да 80 тысяч рублёў. Цэны на фалафелі і кебабы вагаюцца ад 35-70 тысяч рублёў у залежнасці ад начынкі і памеру. За кавалак пірага прыйдзецца аддаць 30 тысяч, за цэлы пірог – 120 тысяч. Узвары каштуюць па 25 тысяч, кава ад 15 да 25 тысяч, гарбата – 10 тысяч.

Смак

Замова складалася з парадаў саміх уладальнікаў кафэ. Каманда «Monkey Food» параіла пакаштаваць традыцыйны фалафель, берберскі кебаб, узвары картату і шыпка і натуральную колу з арэхаў кола.

Фалафель і кебаб

Больш за ўсё па смаку ўражвае берберскі кебаб. У склад уваходзяць абсмажанае мяса з расліннага пшанічнага бялку разам з гароднінай, фірмовым соусам і аўтэнтычнай берберскай салатай. На смак немагчыма адрозніць расліннае мяса ад сапраўднага. Вастрыня і кіслы прысмак дае выдатнае спалучэнне, і пры гэтым лаваш не будзе сухім. З фалафелем падобная сітуацыя – адмысловы соус дае пікантны смак.

«Monkey Food» распавялі «НН» пра рэцэпт берберскай салаты. Справа ў тым, што хлопец Саша з іх каманды вандраваў на поўначы Афрыцы і патрапіў у суполку бербераў. Там яму далі пакаштаваць іх аўтэнтычную салату. Яна адначасова вострая і кіслая. Туды дадаюць перац чылі, зеляніну, аліўкі, лімонны сок і г.д. Пры гэтым яна абсалютна падыходзіць для людзей з праблемамі страўніка.

Узвары

На выбар прадстаўленыя два ўзвары – картату і шыпка. Першы ўзвар таксама мае сваю гісторыю. Хлопец з каманды адмыслова паехаў у вёску, якая мае падобную назву да яго ўлюбёнага гурту. І там яму прапанавалі пакаштаваць мясцовы напой картату – з апельсінам і перцам чылі. На смак ён востры і пры гэтым мяккі, з-за апельсіна. Сапраўды, напой мае пэўную вастрыню, але лепей не запіваць ім берберскі кебаб, бо будзе яшчэ больш востра.

Пасля вострага лепей пакаштаваць шыпку. Гэта гарачы морс на аснове гранатавага соку, кветак гібіскусу і спецый. Па смаку чымсці нагадвае папулярны глінтвейн.

Натуральная газіроўка

Справа ў тым, што каманда «Monkey Food» не выкарыстоўвае папулярных ва ўсіх кафэ газаваных напояў. Але ў іх ёсць натуральныя аналагі, якія можна набыць толькі ў Мінску. Гэтыя напоі робяцца ў Германіі, а зробленыя з натуральных раслін і экстрактаў. У наяўнасці ёсць і натуральныя энэргетыкі. На смак тая ж кола менш салодкая за арыгінальную, але не мае ніякіх «Е» і зробленая з арэхаў кола.

Вынік

Будзьце ўпэўненыя, што калі вы ясцё мяса і пакаштуеце берберскі кебаб ці фалафель – не адрозніце сапраўднае мяса ад расліннага. Для веганаў ды вегетарыянцаў жа гэта можа стаць адкрыццём новых смакаў і рэцэптаў. У «Monkey Food» прадстаўленая здаровая ежа з карыснымі для здароўя прадуктамі і прымальнымі цэнамі. Больш за тое, каманда турбуецца пра экалогію, таму выкарыстоўвае аднаразовыя сталовыя прыборы з цукровага трыснягу і талеркі з кукурузнага крухмалу. Калі для вас кафэ знаходзіцца занадта далёка, то ў бліжэйшы час «Monkey Food» плануе адкрыць яшчэ адно, але ўжо ў цэнтры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?