Сярод дыскваліфікаваных і нашыя заходнія суседзі, віцэ-чэмпіён Еўропы-2015 зборная Літвы, дзе баскетбол амаль як рэлігія, фота basketnews.lt
ФІБА дыскваліфікавала зборныя 14 краін. Раней ФІБА пагражала адхіліць каманды тых краін, федэрацыі якіх дазваляюць сваім клубам удзельнічаць у Еўракубку, другім турніры Еўралігі.
Пасля таго як клубы еўрапейскіх ліг абвясцілі пра падпісанне трохгадовага пагаднення з Еўралігай, ФІБА прыняла рашэнне прывесці пагрозы ў сілу.
Зборныя дыскваліфікаваных краін не змогуць удзельнічаць у Еўрабаскеце-2017.
Лісты з апавяшчэннямі былі пасланыя ў федэрацыі 14 краін. Гэта краіны, якія ўваходзяць у Адрыятычную лігу (Сербія, Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя), Іспанія, Турцыя, Літва, Грэцыя, Італія, Ізраіль, Македонія, Польшча і Расія.
У лістах гаворыцца, што калі інфармацыя аб падтрымцы Еўралігі не адпавядае рэчаіснасці, то федэрацыя павінны прывесці доказы зваротнага да 20 красавіка.
ФІБА змагаецца з Еўралігай за ўплыў у еўрапейскім клубным баскетболе і спрабуе прымусіць другарадныя каманды ўдзельнічаць у Лізе чэмпіёнаў ФІБА, а не ў Еўракубку.